Старонка:Дон-Кіхот Ламанчскі (1935).pdf/399

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

палацаў Дульсінеі, а вобраз яе самой быў ператвораны, і яна з’явілася перада мной грубай і нязграбнай сялянкай. Усё гэта я сказаў, каб ніхто не звяртаў увагі на словы Санчо аб прасейванні і чыстцы пшаніцы Дульсінеяй. Наогул я павінен сказаць, што Санчо Панса — адзін з самых цікавых зброеносцаў, калі-небудзь служыўшых вандроўнаму рыцару. Іншы раз ён праяўляе прастату да таго дасціпную, што разабрацца ў тым, просты ён або дасціпны, з’яўляецца нямалай прыемнасцю. Ён ва ўсім сумняваецца і ўсяму верыць. Часам ён з’яўляецца з такімі разумнымі рэчамі, якія падымаюць яго да неба. Адным словам, я-б не прамяняў яго на другога зброеносца, хоць-бы мне далі ў прыдачу цэлы горад, з гэтай прычыны я сумняваюся; ці пасылаць яго на губернатарства, якое ваша вялікасць дала яму. Хаця я і бачу ў ім некаторую здольнасць да кіраўніцтва, але калі яшчэ крыху адшліфаваць яго розум, ён зусім паспяхова справіцца з кожным губернатарствам. Не патрэбна-ж ні вялікага майстэрства, ні вялікай вучонасці для таго, каб быць губернатарам, бо ў нас у Іспаніі дзесяткі такіх, якія ледзь умеюць чытаць.

У гэты час мірная гутарка іх была спынена шумам. Праз некалькі хвілін у залу ўбег Санчо з крыкам:

— Усе гэтыя цырымоніі намыльвання падобны больш на здзек, як на ветлівасць, якую аказваюць гасцям.

Герцагіня памірала ад смеху, убачыўшы гнеў Санчо і слухаючы яго словы, але Дон-Кіхоту не дастаўляла вялікай прыемнасці глядзець на Санчо, упрыгожанага дрэннай пярэстай анучай і акружанага шматлікім кухонным штатам. Нарэшце герцагіня, не пакідаючы смяяцца, сказала, звяртаючыся да суправаджаўшых яго людзей.

— Санчо Панса ва ўсім мае рацыю, што ён казаў, і будзе мець рацыю ва ўсім, што скажа. Вы, служкі чыстаты, аказаліся надзвычайна дзёрзкімі, калі для такой асобы і такой барады замест таза, рукамыйніка з чыстага золата і галандскіх ручнікоў прынеслі дзеравяную міску і кухонныя анучы. Безумоўна, вы не можаце — такія вы нягоднікі — схаваць сваёй зайздрасці да зброеносцаў вандроўных рыцараў!