Старонка:Дон-Кіхот Ламанчскі (1935).pdf/385

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

збавіць вас ад вашай бяды. Напэўна гэтая прыгода прызначана другому рыцару.

Сказаўшы гэта, ён увайшоў у згоду з рыбакамі і заплаціў ім за барку пяцьдзесят рэалаў, якія Санчо вельмі неахвотна ім аддаў, кажучы:

— Яшчэ дзве паездкі на барцы, падобныя да гэтай, і ўсё наша багацце апынецца на дне ракі.

Млынар і рыбакі стаялі ў здзіўленні, гледзячы на іх, а Дон-Кіхот і Санчо вярнуліся да сваіх жывёл. На гэтым і скончылася прыгода з зачараванай баркай.


РАЗДЗЕЛ XXVIII
Пра тое, што адбылося ў Дон-Кіхота з прыгожай паляўнічай

Вельмі нездаволеныя і ў дрэнным настроі вярнуліся да сваіх жывёл рыцар і зброеносец, асабліва Санчо, для якога змяншэнне яго грашовых запасаў раўнялася замахам на яго душу.

Яны селі вярхом, не кажучы ні слова, і паехалі ад славутай ракі.

На наступны дзень, у час заходу сонца, Дон-Кіхот, выязджаючы з лесу на зялёны луг, убачыў многа народу. Пад’ехаўшы бліжэй, ён убачыў, што гэта сакалінае паляванне[1]. Сярод паляўнічых ён убачыў прыгожую сен’ёру вярхом на прыгожым кані бліскучай белаты. Сама сен’ёра была вельмі прыбраная і прыгожа апранутая і ў левай руцэ трымала сокала. Дон-Кіхот, здагадаўшыся, што яна пані ўсіх паляўнічых, сказаў Санчо:

— Бяжы і перадай той сен’ёры, што я, рыцар Львоў, цалую рукі яе вялікай прыгожасці. Калі яе высокасць дазволіць мне, дык я буду служыць ёй, наколькі дазволяць мне сілы і захоча яе светласць. Толькі глядзі, Санчо, гутары ветліва і паспрабуй не прыплятаць да свайго пасольства якую-небудзь з сваіх прыказак.

  1. Сакалінае паляванне дазвалялася ў той час толькі людзям знатнага паходжання.