Старонка:Дон-Кіхот Ламанчскі (1935).pdf/384

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Стаўшы на ногі ў барцы, ён пачаў пагражаць млынарам, крычучы:

— Злосны зброд! Безадкладна вярніце волю той асобе, якую вы трымаеце ў гэтай вашай крэпасці або астрозе, бо я — Дон-Кіхот Ламанчскі, які давядзе гэтую прыгоду да шчаслівага канца.

І ён падняў меч, пагражаючы млынарам. Пачуўшы, але не зразумеўшы гэтых недарэчнасцей, яны спрабавалі сваімі шастамі стрымаць барку, падхопленую ўжо вадаверцю, што нясла іх пад самыя млынавыя колы. Нарэшце, дзякуючы іхняй стараннасці, барка спынілася, але Дон-Кіхот і Санчо зваліліся ў ваду. На шчасце, Дон-Кіхот умеў плаваць, як гусь, але цяжар яго ўзбраення два разы зацягваў яго на дно. Каб не млынары, якія кінуліся ў ваду і выцягнулі іх адтуль, абодва яны загінулі-б.

Калі іх выцягнулі на зямлю, Санчо, стоячы на каленах, прасіў неба ў доўгай і цёплай малітве пазбавіць яго наперад ад дзёрзкіх выдумак і спраў яго пана. Між тым з’явіліся рыбакі, якім належала барка. Убачыўшы, што яна разбіта ўшчэнт млынавымі коламі, яны кінуліся раздзяваць Санчо і патрабаваць ад Дон-Кіхота, каб ён заплаціў ім за барку. Рыцар зусім спакойна сказаў млынарам і рыбакам, што ён ахвотна заплоціць за барку, але толькі з умовай, каб яны адразу-ж вярнулі волю асобе або асобам, заняволеным у іхнім замку.

— Пра якія асобы і пра які замак гаворыш ты, безразважлівы чалавек? — запытаў адзін з млынароў.

„Хопіць, — сказаў сабе Дон-Кіхот. — Зусім зразумела, што ў гэтай прыгодзе сустрэліся два чараўнікі. Адзін перашкаджае таму, што пачынае другі; адзін паслаў мне барку, другі перакуліў яе. Увесь гэты свет — толькі адно спляценне варожых сіл! Я не магу нічога больш зрабіць?“

Потым, узвысіўшы голас і гледзячы на вадзяныя млыны, ён сказаў:

— Сябры! Хто-б вы ні былі, заняволеныя ў гэтым астрозе, даруйце мне. На маё і на ваша няшчасце, я не магу па-