Старонка:Дон-Кіхот Ламанчскі (1935).pdf/372

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

права і налева, згары і знізу. Нарэшце ён раскідаў увесь тэатр, пасек на кавалкі і ўшчэнт усе фігуры, цяжка параніў караля Марсіліё, а імператару Карлу Вялікаму рассек папалам карону і галаву. Усе гледачы ўсхваляваліся, малпа ўцякла на страху заезджага двара, стрыечны брат і Санчо Панса былі ахоплены найвялікшым спалохам.

Разбурыўшы тэатр, Дон-Кіхот некалькі заспакоіўся і сказаў:

— Хацеў-бы я тут, перад сабой, убачыць усіх тых, хто не хоча верыць, да якой ступені вандроўныя рыцары карысны на свеце. Калі-б я не быў тут, што зрабілася-б з добрым донам Гаіферосам і прыгожай Мелісендрай? Напэўна, гэтыя сабакі дагналі-б іх і зрабілі злосную знявагу. І з гэтай прычыны — няхай жыве вандроўнае рыцарства над усім жывучым на зямлі!

— Няхай жыве яно на здароўе, — прамовіў слабым голасам сам маэсе Педро. — Але што рабіць мне? Поўгадзіны, нават поўхвіліны назад я быў уладаром каралёў і імператараў; стайні мае былі поўныя мноствам коней, скрыні — бязлікай колькасцю пышных убораў, а цяпер я бачу сябе жабраком і, што горш за ўсё, пазбаўленым сваёй малпы. І ўсё гэта з-за безразважлівай ярасці гэтага сен’ёра кабальеро, пра якога гавораць, нібыта ён робіць добрыя справы; толькі на мне адным велікадушныя яго намеры пацярпелі няўдачу.

Скаргі маэсе Педро расчулілі Санчо, і ён сказаў яму:

— Не плач, маэсе Педро! Пан мой, Дон-Кіхот, калі ён табе зрабіў шкоду, можа заплаціць табе за ўсё.

— Калі-б сен’ёр Дон-Кіхот заплаціў мне за якую-небудзь частку страты…

— Я не ведаю, пра якую страту вы гаворыце, — сказаў Дон-Кіхот.

— Як не ведаеце! — адказаў маэсе Педро. — А ўсе гэтыя абломкі, якія ляжаць на сухой і бясплоднай глебе, — хто іх раскідаў і знішчыў, як не магутная сіла вашай непераможнай рукі.

— Цяпер я канчаткова пераканаўся, — сказаў Дон-Кіхот, — што ва ўсім вінаваты чараўнікі, праследуючыя мяне. Усё,