Старонка:Дон-Кіхот Ламанчскі (1935).pdf/370

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

туды, дзе тэатр марыянетак быў ужо расстаўлены, акружаны з усіх бакоў запаленымі васковымі свечкамі.

Маэсе Педро змясціўся ўнутры, бо ён прыводзіў у рух марыянетак, а звонку быў пастаўлены хлапчук, слуга маэсе Педро, які растлумачваў тайны гэтага лялечнага тэатра. У руках ён трымаў палачку, якой паказваў на фігуры, калі яны з’яўляліся. Пасля таго, як Дон-Кіхот, Санчо і стрыечны брат занялі лепшыя месцы, тлумач пачаў гаварыць тое, пра што даведаецца кожны, хто прачытае наступны раздзел.


РАЗДЗЕЛ XXIV
Працяг пацешнай прыгоды з гаспадаром лялечнага тэатра, а таксама і іншыя сапраўды цікавыя здарэнні

Погляды гледачоў марыянетачнага тэатра былі прыкаваны да вуснаў тлумача яго цудаў, які адразу пачаў казаць:

— Вось сапраўдная гісторыя пра тое, як сен’ёр дон Гаіферос вызваліў сваю жонку Мелісендру, якая знаходзілася ў палоне ў маўраў, у горадзе Сансуэн’я, які цяпер завуць Сарагосай.

Гляньце, міласці вашы, вось там дон Гаіферос сядзіць, гуляючы ў шашкі.

А гэта асоба з каронай на галаве — імператар Карл Вялікі, нібыта бацька памянёнай Мелісендры. Убачыўшы гультайства і бяспечнасць свайго зяця, ён раззлаваўся і вышаў лаяць яго і нагаварыў яму многа чаго пра небяспеку, пагражаючую яго чэсці, калі ён не пастараецца вярнуць волю сваёй жонцы.

Звярніце таксама ўвагу, міласці вашы, як імператар паварочвае спіну і пакідае нездаволенага дона Гаіфероса аднаго, а той, раззлаваўшыся, кідае далёка ад сябе стол і шашкі і ідзе надзяваць узбраенне, каб адразу-ж накіравацца ў дарогу.

Цяпер, міласці вашы, звярніце ўвагу на вежу, якая вось тут з’явілася.

Гэта — адна з вежаў алькасара ў Сарагосе, а дама, якая