Старонка:Дон-Кіхот Ламанчскі (1935).pdf/364

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

гэта не мой асёл крычаў? — Не, гэта я крычаў, — адказаў той. — Між вамі, кум, і аслом, — сказаў першы, — няма ніякай розніцы. У жыцці сваім я не бачыў і не чуў нічога больш падобнага. — Гэтыя пахвалы і прыемныя водгукі, — адказаў вынаходца выдумкі, — больш заслужаны вамі. Вы равеце ў два разы лепш, як жывы асёл: гук у вас высокі, тон поўны, пералівы частыя і шпаркія, адным словам — я прызнаю сябе пераможаным, перадаю вам пальму пяршынства і сцяг гэтага надзвычайнага мастацтва. — Сказаўшы гэта, яны зноў разышліся і пачалі раўсці, на кожным кроку ўводзячы адзін аднаго ў памылку, але загінуўшы асёл ні разу не адгукнуўся ніводным нават гукам. І як-жа мог ён, бядак, адгукнуцца, калі яны ўрэшце знайшлі яго ў самым густым гушчары лесу, з’едзенага ваўкамі?! Убачыўшы гэта, гаспадар асла сказаў: — Калі-б ён быў жывы, ён абавязкова адгукнуся-б, інакш ён не быў-бы аслом.

Пасля гэтага, нездаволеныя і ахрыплыя, яны вярнуліся ў сваю вёску і расказалі суседзям, што з імі здарылася, прычым кожны хваліў умельства другога раўсці па-аслінаму. Усё гэта хутка распаўсюдзілася па бліжэйшых сёлах. Жыхары другіх вёсак, сустракаючы каго-небудзь з нашага мястэчка, пачыналі раўсці па-аслінаму. Гэта перанялі і хлапчукі, і асліны рэў пачаў распаўсюджвацца з вёскі ў вёску. У выніку няшчаснага гэтага жарту тыя, хто многа разоў былі высмеяныя, выходзілі ўзброенымі змагацца супроць насмешнікаў. Заўтра або ў бліжэйшы дзень жыхары майго сяла, гэта значыць сяла аслінага рэву, выйдуць змагацца супроць жыхароў другога сяла, якое знаходзіцца ад нашага за дзве мілі. Каб мы былі добра ўзброеныя, я і вязу купленыя намі коп’і і алебарды, якія вы бачылі. Вось і ўсе цуды. Калі яны вам не здаліся такімі, другіх я не ведаю. Тут якраз увайшоў чалавек, увесь апрануты ў замшу, — панчохі, панталоны і камзол, — і гучна запытаў:

— Сен’ёр гаспадар, знойдзецца ў вас мясцінка? Да вас просіцца начаваць адгадчыца-малпа і тэатр з паказам вызвалення Мелісендры.