Старонка:Дон-Кіхот Ламанчскі (1935).pdf/35

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

што буду войкаць ад маленькага болю, калі толькі забарона скардзіцца не распаўсюджваецца і на зброеносцаў вандроўных рыцараў.

Дон-Кіхот не мог не рассмяяцца над прастадушшам свайго зброеносца і растлумачыў яму, што ён можа сабе войкаць, колькі і калі захоча, з прычыны ці без прычыны, як яму прыдзе ў галаву, бо да гэтага часу ён не прачытаў у рыцарскіх статутах нічога супроць таго.

У той час, як яны так гутарылі, на дарозе паказаліся два манахі бенедыктынскага ордэна вярхом на двух мулах. На падарожніках былі апрануты дарожныя маскі[1], а ў руках яны трымалі парасоны. За імі ехаў фаэтон, адзаду — чатыры ці пяць коннікаў і два пешыя пагоншчыкі мулаў. У фаэтоне сядзела, як пасля выявілася, адна сен’ёра з Біскайі. Манахі не суправаджалі яе, а толькі выпадкова ехалі па той-жа дарозе, што і яна.

Толькі Дон-Кіхот убачыў іх, як адразу-ж сказаў свайму зброеносцу:

— Або я памыляюся, або гэта будзе самая вялікая прыгода, якую калі-небудзь бачылі, бо гэтыя чорныя фігуры, якія там з’явіліся, напэўна і ёсць, без сумнення, чараўнікі; яны вязуць у фаэтоне ўкрадзеную імі прынцэсу, і мне ўсімі сіламі неабходна выправіць гэтае зло.

— Справа гэта будзе горш за ветракоў, — сказаў Санчо. — Слухайце, сен’ёр, гэта-ж манахі бенедыктынскага ордэна, а ў фаэтоне, напэўна, едуць падарожнікі. Кажу ў другі раз вам, абдумайце добра, што робіце, каб д’ябал зноў не збіў з панталыку вас.

— Я ўжо сказаў табе, Санчо, — адказаў Дон-Кіхот, — што ты мала разумееш у прыгодах. Тое, што я сцвярджаю, зусім правільна, і ты цяпер у гэтым пераканаешся.

Кажучы гэта, Дон-Кіхот паехаў наперад, спыніўся сярод дарогі, па якой ехалі манахі, і калі яму здалося, што яны

  1. Гэта былі маскі з кардону для абароны твара ад пылу і сонца са шклом для вачэй.