Старонка:Дон-Кіхот Ламанчскі (1935).pdf/311

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

ласці нешта накшталт рыцара ад духоўнага ведамства? А мой пан толькі парафіянін. Хаця некаторыя разумныя, на мой погляд, з злым намерам людзі раілі яму зрабіцца архібіскупам, але ён хоча толькі аднаго — быць імператарам. Прызнаюся, я дрыжаў ад жаху, каб не надумаўся ён раптам перайсці да царквы: я не лічу сябе годным мець царкоўны прыход і павінен прызнацца вашай міласці, што, мяркуючы па вонкаваму выгляду, я — чалавек, але ў справах царкоўных — ну проста жывёла.

— Па праўдзе кажучы, міласць ваша памыляецца, бо дзяржавы на астравах не ўсе добрага гатунку: адны з іх — нейкія крывыя, другія — мізэрныя, трэція — гаротлівыя. Самае пышнае і добра пастаўленае губернатарства цягне за сабой цяжкія клопаты і невыгоды; по-мойму, лепш за ўсё вярнуцца к сабе дахаты і там узяцца за больш прыемныя справы, як, напрыклад, за паляўніцтва і за рыбную лоўлю. Кожны-ж зброеносец мае каня, пару сабак і вудачку!

— У мяне няма недастачы ва ўсім гэтым, — адказаў Санчо. — Праўда, каня я не трымаю, але затое ў мяне ёсць асёл, які каштуе ў два разы больш за каня майго пана. Што тычыцца сабак, дык іх у нашым мястэчку вельмі многа, тым больш, што паляванне асабліва прыемнае тады, калі яно вядзецца на чужы кошт.

— Па праўдзе кажучы, — сказаў слуга рыцара Лесу, я парашыў кінуць гэтыя недарэчныя рыцарскія вымудры, вярнуцца да сябе ў вёску і выхоўваць маіх трох дзяцей.

— А ў мяне іх двое, — сказаў Санчо. — Маю дзяўчынку я гадую з тым, каб яна была графіняй.

— А колькі год сен’ёры, якая гадуецца, каб быць графіняй?

— Пятнаццаць год, а можа на два гады больш або менш, але яна высокая, як кап’ё, свежая, як красавікоўская раніца, і дужая, як насільшчык цяжараў.

— Гэтых якасцей вельмі нават многа для таго, каб быць графіняй. О, мілая дзяўчынка, якія, напэўна, у цябе, хітруні, мускулы!