Старонка:Дон-Кіхот Ламанчскі (1935).pdf/296

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

паправіць іх, хаця-б яны і не былі ў непарадку. Ты павінен ведаць, Санчо, што вонкавыя дзеянні і рухі, якія праяўляюцца ў закаханых, калі гутарка ідзе пра іхняе каханне, самыя надзейныя вешчуны, якія нясуць вестку пра тое, што адбываецца ў глыбіні іхняй душы.

— Я вярнуся хутка, — сказаў Санчо, — а вы, сен’ёр мой, падбадзёрце сваё сэрца. Кажуць, мужнае сэрца перамагае злую долю; дзе няма вокаракаў, там няма для іх і кручкоў, бо дзе менш чакаюць, там і выскоквае заяц. Калі мы не знайшлі палацаў або замкаў нашай сен’ёры, дык я спадзяюся цяпер знайсці іх, калі менш за ўсё чакаю. А калі знайду, дык паверце мне, я ужо спраўлюся з прыгожай Дульсінеяй.

— Слухай, Санчо, ты заўсёды прыцягваеш у гутарцы свае прыказкі так за валасы, што — няхай пашле мне лёс лепш удачу ў тым, чаго я жадаю.

Пасля гэтых слоў Санчо завярнуўся і пагнаў Шэрага. Але толькі ён выехаў з лесу, як адразу-ж злез з асла, сеў пад дрэвам і пачаў сам з сабою разважаць наступным чынам:

— Цяпер паглядзім, Санчо, куды гэта накіроўваецца ваша міласць? Ці не на пошукі якога-небудзь асла, якога вы страцілі? Зусім не! Я еду шукаць — ні мала, ні многа — прынцэсу, а ў ёй сонца прыгожасці і ўсё неба, разам узятыя. Дзе-ж вы думаеце знайсці яе, о, Санчо? У вялікім горадзе Табосо. Добра, а ад імя каго едзеце вы шукаць яе? Ад імя славутага рыцара Дон-Кіхота Ламанчскага, які знішчае зло, дае есці таму, каго мучыць смага, і піць таму, хто адчувае голад. Усё гэта вельмі добра! А што, калі жыхары Табосо, даведаўшыся пра тое, што вы з’явіліся да іх з намерам спакусіць іхніх прынцэс і ўзбунтаваць іхніх дам, прыдуць усе і так памалоцяць палкамі рэбры, што ў вас не астанецца ніводнай косткі цэлай? Не, я не пайду шукаць Дульсінею ў Табосо. Д’ябал, д’ябал заблытаў мяне ва ўсе гэтыя справы і ніхто іншы!

Разважаючы такім чынам з самім сабою, Санчо прышоў да наступнага вываду: