Старонка:Дон-Кіхот Ламанчскі (1935).pdf/286

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

гісторый і не помню, каб які-небудзь рыцар прызначаў пэўную пенсію свайму зброеносцу: усе яны служылі з ласкі, але затое яны ўзнагароджваліся востравам або чым-небудзь іншым, такім-жа каштоўным. Калі вы, Санчо, здавальняючыся гэтымі надзеямі, згодны зноў паступіць да мяне на службу, — калі ласка! Адступіць-жа ад асвечанага часам старажытнага звычаю вандроўнага рыцарства я не магу. Так што, Санчо, вярніцеся да да сябе дахаты і растлумачце вашай Тэрэсе маё рашэнне. Калі вам не падабаецца быць пры мне на ласцы, мы, як і раней, застанемся добрымі сябрамі. У мяне не будзе недастачы ў зброеносцах, бо раз у галубятні няма недастачы ў карму, не будзе недастачы і ў галубах, а добрая надзея каштуе больш дрэннай маёмасці, як надзейны іск лепш дрэннай платы. Як бачыце, і я, як вы, магу выліць з сябе дождж прыказак.

Калі Санчо пачуў цвёрдае рашэнне свайго пана, неба пацямнела ў яго вачах, бо ён быў упэўнены, што без яго пан не паедзе ні за якія багацці на свеце. Покуль ён стаяў і думаў у нерашучасці, увайшоў Сансон Караско, а разам з ім ахмістрыня і пляменніца, згараўшыя ад жадання даведацца, якімі довадамі бакалаўр пераканае іхняга сен’ёра не накіроўвацца ў новыя пошукі прыгод. Сансон, гэты славуты прайдзісвет, падышоў да Дон-Кіхота і, абняўшы яго, гучна сказаў:

— О, гонар вандроўнага рыцарства! О, чэсць і люстра іспанскага народу! Няхай будзе так, каб тыя асобы, якія працівяцца трэцяму твайму выезду, самі не знайшлі выхаду з лабірынта сваіх жаданняў і ніколі не ўбачылі выканання свайго злога намеру.

Потым, звяртаючыся да ахмістрыні, ён сказаў: — Сен’ёра ахмістрыня, я ведаю, што сен’ёр Дон-Кіхот яшчэ раз ажыццявіць высокія і нечуваныя свае намеры. Я вельмі запляміў-бы сваё сумленне, калі-б не пачаў раіць гэтаму рыцару адразу-ж накіравацца ў дарогу. На ім ляжыць цяжкі і благародны абавязак ахоўваць чэсць дзяўчат і рабіць іншыя рэчы, накшталт гэтага, якія ўваходзяць у абавязак вандроў-