Старонка:Дон-Кіхот Ламанчскі (1935).pdf/273

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Расінантэ“. Няма ніводнага дома, дзе не было-б „Дон-Кіхота“; не паспее адзін выпусціць кнігу з рук, як другі ўжо бярэ яе, некаторыя адбіраюць яе сілай, другія просяць даць. Адным словам, гэтая гісторыя — адна з найбольш прыемных і найменш непрыстойных забаў; у ёй няма і ценю непрыстойнага слова…

— Пісаць інакш, — перабіў яго Дон-Кіхот, — азначала-б пісаць не праўду, а хлусню. Тых-жа гісторыкаў, якія нахабна хлусяць, варта-б спальваць, як фальшываманетчыкаў, але я не ведаю, што прымусіла аўтара ўзяцца за навелы і пабочныя апавяданні, калі ў яго было так многа сказаць пра мяне: калі-б ён толькі выклаў мае думкі, уздыханні, слёзы, добрыя намеры і справы, дык атрымаўся-б велізарнейшы том. Для стварэння гісторыі і кніг, якога-б там ні было сорту, патрэбен шырокі кругагляд і спелае меркаванне; гаварыце дасціпныя жарты і пісаць з гумарам — лёс выдатных талентаў. Самая прыгожая фігура ў п’есе — фігура жартаўніка, бо той, хто хоча здавацца прастаком, не павінен ім быць. Гісторыя — свяшчэнная рэч, бо яна павінна быць праўдзівай. Тым не менш бываюць аўтары, якія складаюць і выдаюць кнігі, нібы пякуць бліны.

— У кожнай кнізе, — сказаў бакалаўр, — нават у дрэннай, ёсць што-небудзь добрае. Пад вялікую рызыку падупадае той, хто друкуе кнігу, бо самае немажлівае — скласці яе так, каб яна падабалася ўсім, хто яе прачытае.

— Напэўна, тая, у якой ідзе гутарка пра мяне, — сказаў Дон-Кіхот, — мала каму спадабалася.

— Хутчэй наадварот, бо хоць і многа дурняў, але таксама многа і тых, якім спадабалася гэтая гісторыя. Між іншым, некаторыя скардзіліся на недахоп памяці ў аўтара, бо ён забыў расказаць, хто ўкраў Шэрага ў Санчо. Потым хутка пасля зладзейства мы бачым Санчо вярхом на тым-жа асле, хаця невядома адкуль ён у яго ўзяўся. Аўтар запамятаў таксама паведаміць, што зрабіў Санчо з той сотняй чырвонцаў, якія ён знайшоў у ручным чамадане ў Сіера-Марэне, бо пра іх нідзе больш не ўспамінаецца, а многім