Старонка:Дон-Кіхот Ламанчскі (1935).pdf/272

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

вагу слухаць вашыя прамовы больш, як чые-б там ні было ў кнізе. Праўда, некаторыя чытачы кажуць, нібыта вы былі праз меру лёгкадумнымі, прыняўшы на веру губернатарства вострава, абяцанае вам сен’ёрам Дон-Кіхотам.

— Яшчэ сонца відаць на верхавіне паркана[1], — сказаў Дон-Кіхот. — Санчо робіцца старэйшым і, дзякуючы вопыту, які даецца з гадамі, усё больш і больш набывае здольнасць і прыгоднасць для губернатарства.

— Даю слова гонару, сен’ёр, — адказаў Санчо, — востравам, якім я не магу кіраваць у цяперашнія мае гады, я не змагу кіраваць, дажыўшы і да год Мафусаіла. Няшчасце ў тым, што гэты востраў застраў няведама дзе, а не ў тым, каб у мяне нехапіла мазгоў кіраваць ім. Бачыў я тут губернатараў, якія, на мой погляд, не варты падэшвы маіх чаравікаў, тым не менш іх велічаюць сен’ёрамі, і яны абедаюць на срэбры.

— Гэта не губернатары астравоў, — сказаў Сансон, а другіх губернатарстваў, якімі лёгка кіраваць, бо губернатары, кіруючыя астравамі, павінны, прынамсі, ведаць граматыку.

— „Грам“[2], — сказаў Санчо, — гэта яшчэ куды ні ішло, але ад „тыкі“ я адмаўляюся, бо не разумею гэтага слова. Аднак я скажу, сен’ёр бакалаўр, мне вельмі прыемна, што аўтар гісторыі не гаварыў пра мяне нічога крыўднага.

— Баюся толькі, — заўважыў Дон-Кіхот, — каб аўтар гэтай гісторыі не быў падобны да аднаго мастака, які на запытанне, што ён малюе, адказаў: „тое, што выйдзе“. Аднойчы ён намаляваў такога непадобнага пеўня, што побач давялося зрабіць надпіс гатычнымі літарамі: „гэта певень“. Вось і для маёй гісторыі, напэўна, будзе патрэбен каментарый, каб яе маглі зразумець.

— Ну, не, — адказаў Сансон, — яна такая зразумелая, што нічога цяжкога ў ёй не знайсці. Яе чытаюць і малыя і старыя і так добра разумеюць, што, як толькі ўбачаць якую-небудзь худую клячу, усе ў адзін голас гавораць: „Вось

  1. Іспанская прыказа, сэнс якой — яшчэ не позна.
  2. Gram — па-іспанску — злак.