У час гутаркі яны гаварылі і пра так званае дзяржаўнае пытанне і розныя спосабы ўлады, прычым кожны з іх трох прадстаўляў сабой заканадаўца, сучаснага Лікурга або новаспечанага Салона. Яны так перараблялі ўвесь грамадскі лад, што, здавалася, аддавалі яго ў кузню, адкуль і атрымлівалі ў зусім новым выглядзе.
Дон-Кіхот гаварыў так разважліва і цвяроза пра ўсе рэчы, пра якія ішла гутарка, што абодва экзаменатары пераканаліся ў тым, што ён здаровы і ў поўным розуме. У час гутаркі прысутнічалі ахмістрыня і пляменніца, якія вельмі ўзрадаваліся, убачыўшы Дон-Кіхота зноў такім здаровым. А поп, адступіўшы ад ранейшага намеру не гаварыць пра рыцарства, захацеў грунтоўна праверыць, ці сапраўды выздаравеў Дон-Кіхот, або толькі так здаецца. Ён перадаў некалькі навін, дайшоўшых з сталіцы, і між іншым сказаў, што, па чутках, туркі наступаюць з вялікім флотам. Хаця іхні памер покуль невядомы, але з прычыны гэтай небяспекі, якая амаль штогод прымушае нас брацца за зброю, кароль паклапаціўся ўжыць захады для абароны берагоў Неапаля, Сіцыліі і вострава Мальты[1].
На гэта Дон-Кіхот адказаў:
— Яго вялікасць зрабіў не так, як павінен зрабіць кожны сапраўдны воін, каб непрыяцель не заспеў яго нечакана.
Толькі поп пачуў гэтыя словы, як ён сказаў сабе: „Бедны Дон-Кіхот, мне здаецца, ты падаеш з вяршыні свайго вар’яцтва ў глыбокае бяздонне сваёй праставатасці“. Але цырульнік, якому прышла ў галаву тая-ж думка, што і папу, запытаў Дон-Кіхота, з чаго-ж складаецца яго прапанова.
— Мая прапанова, — адказаў Дон-Кіхот, — самая лёгкая, зручная і простая, якая можа прыйсці толькі ў галаву вынаходцу праектаў.
- ↑ З сярэдзіны XVI да сярэдзіны XVII стагоддзя марская магутнасць туркаў была вельмі значная. Іхнія частыя напады на берагі Італіі і Іспаніі складалі небяспеку ў гэтых краінах.