Старонка:Дон-Кіхот Ламанчскі (1935).pdf/258

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная



РАЗДЗЕЛ І
Пра тое, што адбылося ў папа і цырульніка з Дон-Кіхотам з прычыны яго хваробы

Поп і цырульнік не бачыліся з Дон-Кіхотам амаль месяц, каб не аднаўляць і не ажыўляць у яго памяці нядаўніх падзей. Тым не менш, яны часта наведвалі пляменніцу і ахмістрыню яго, даручаючы ім як можна лепш даглядаць рыцара і даваць яму харч, падмацоўваючы мозг, галоўную прычыну ўсіх яго няшчасцяў. Абедзве жанчыны рабілі гэта з вялікай ахвотай і клопатамі і заявілі, што іх сен’ёр часам выказвае адзнакі цвярозага розуму. З гэтай прычыны поп і цырульнік парашылі наведаць яго і ўпэўніцца, ці сапраўды яму лепш. Хаця яны лічылі гэта амаль немажлівым, але ўмовіліся не гаварыць пра вандроўнае рыцарства, каб унікнуць небяспекі абудзіць раны, якія толькі што пачыналі гаіцца.

Увайшоўшы да яго, яны ўбачылі яго седзячым на ложку, да таго худога і зморшчанага, што ён здаваўся сапраўднай муміяй.

Сустрэў ён іх вельмі ветліва і на запытанне пра яго здароўе адказаў вельмі разумна і самымі ветлівымі словамі.