Старонка:Дон-Кіхот Ламанчскі (1935).pdf/255

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Вельмі рада гэтаму, — адказала жонка, — пакажыце мне рэчы больш каштоўныя і значныя, сябра мой. Я хачу ўбачыць іх…

— Пакажу іх вам дома, жонка, — сказаў Панса, — цяпер-жа задавольцеся тым, што, калі бог злітасцівіцца, і мы яшчэ раз накіруемся ў пошукі прыгод, вы ўбачыце мяне хутка графам або губернатарам вострава. І не такога як тут у нас, а лепшага, які толькі можна знайсці!

— Дай божухна, чалавек мой, нам-бы гэта вельмі спатрэбілася! Але скажы мне, што гэта за астравы? Я не разумею гэтага.

— Мёд не для аслінага рота, — адказаў Санчо. — Даведаешся пра ўсё ў свой час, жонка, і нават здзівішся, калі твае васалы будуць велічаць цябе: „ваша міласць, сен’ёра“.

— Што гэта ты, Санчо, кажаш пра велічанне сен’ёрай, пра астравы і васалаў? — запыталася Тэрэса Панса (так звалі жонку Санчо).

— Не спяшайся, Тэрэса, даведацца пра ўсё так хутка, хопіць, што я кажу табе праўду, і заткні сабе рот. Магу сказаць табе адно мімаходзь: няма больш прыемнай рэчы на свеце, як добраму чалавеку служыць зброеносцам вандроўнаму рыцару, шукальніку прыгод. Праўда, большая частка сустрэтых прыгод выходзіць не такімі, якіх хацеў-бы чалавек. З сотні, якія сустрэнуцца, дзевяноста дзевяць бываюць звычайна няўдалымі і неспрыяючымі. Ведаю гэта па вопыту, бо некаторыя з іх кончыліся для мяне падкідваннем угару на коўдры, другія — тым, што я быў пабіты. Але ўсё-ж рэч прыемная — шукаць прыгод, ездзячы па горах, валацужачы па лясах, узлязаючы на скалы, наведваючы замкі і жывучы на заезджых дварах, як табе хочацца, не плоцячы ні, аднаго мараведыса, чорт вазьмі!

Покуль гэтая гутарка адбывалася між Санчо і жонкай яго, Тэрэсай Панса, ахмістрыня і пляменніца Дон-Кіхота раздзелі яго і палажылі на ранейшы яго ложак. Ён глядзеў на іх скасавурана і не мог зразумець, дзё ён знаходзіцца. Поп даручыў пляменніцы як можна лепш даглядаць свайго