Старонка:Дон-Кіхот Ламанчскі (1935).pdf/252

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

гаварыце хутчэй, бо мы не можам і не павінны спыняцца і выслухоўваць што-б там ні было, хіба толькі гэта так коратка, што можна сказаць у двух словах.

— Скажу ў адным, — адказаў Дон-Кіхот, — і вось яно: адразу-ж і безадкладна вызваліце прыгожую гэтую сен’ёру, слёзы і сумны выгляд якой яскрава даводзяць, што вы ўзялі яе супроць яе волі і зрабілі ёй вялікую знявагу. Я, які нарадзіўся на свет, каб выпраўляць такія крыўды, не дазволю вам зрабіць ні кроку, покуль вы не вернеце ёй жаданую і заслужаную ёю волю.

З гэтых слоў Дон-Кіхота ўсе, чуўшыя іх, зрабілі заключэнне, што, напэўна, ён — вар’ят, і гучна засмяяліся. Гэты смех быў, як порах, кінуты ў полымя гневу Дон-Кіхота. Не кажучы ні слова, ён падняў меч і кінуўся да насілак. Адзін з тых, хто іх нёс, пакінуўшы ношку таварышам, падаўся насустрач Дон-Кіхоту, махаючы шастом, якім ён падтрымліваў насілкі ў час астановак. Па гэтым шасту і ўдарыў Дон-Кіхот, рассекшы яго напалам. Але абломкам, які астаўся ў руках селяніна, ён так моцна ўдарыў па плячы Дон-Кіхота якраз з таго боку, які не мог быць абаронены супроць сялянскай сілы шчытам, што бедны Дон-Кіхот паваліўся на зямлю ў вельмі сумным становішчы.

Санчо Панса бег, засопшыся, за сваім панам і, калі ўбачыў, што той паваліўся, крыкнуў нападаўшаму селяніну, каб ён не біў яго больш, бо гэта — бедны зачараваны рыцар, які ва ўсім сваім жіцці нікому не зрабіў зла. Але селяніна спыніў не крык Санчо, а тое, што ён, убачыўшы ляжаўшага нерухома на зямлі Дон-Кіхота, падумаў, што ён яго забіў. Селянін паспешна падапхнуў пад пояс даўгую сваю вопратку і кінуўся ўцякаць па полі, як алень.

У гэты час падышлі і ўсе астатнія спадарожнікі Дон-Кіхота да месца дзе ён ляжаў. Удзельнічаўшыя ў працэсіі, убачыўшы, што бягуць да іх і куадрыльеросы са сваімі самастрэламі, і баючыся, каб не вышла чаго дрэннага, сабраліся ў гурток каля статуі божай маткі; надзеўшы на галаву капюшоны і трымаючы моцна ў руках бічы, яны