Старонка:Дон-Кіхот Ламанчскі (1935).pdf/215

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

пайшла справа, тут спынілася якая-небудзь трупа актораў, і ў іх часта бываюць гэтыя кароны і скіпетры, пра якія вы гаворыце.

— Вы мала ведаеце свет, — засупярэчыў Дон-Кіхот, — бо вам нічога невядома аб прыгодах, якія звычайна здараюцца з вандроўнымі рыцарамі.

Спадарожнікі зноў пачалі стукаць з вялікай ярасцю, так што ўсе на заезджым двары прачнуліся. Гаспадар падняўся, каб пайсці даведацца, хто там стукае.

Між тым здарылася, што адна з верхавых жывёл, на якіх прыехалі чацвёра стукаўшых у вароты, падышла абнюхаць Расінантэ, які з сумна-задумлівым выглядам і з апушчанымі вушамі трымаў, не шалахнуўшыся, на сваёй спіне выцягненага на ўвесь рост пана свайго. Але з той прычыны, што Расінантэ хоць і здаваўся з дрэва, а ўсё-ж такі быў з мяса і касцей, у яго нехапіла сілы аставацца непахісным. У сваю чаргу і ён пачаў абнюхваць таго, хто падышоў да яго з гэтай ласкай. Але толькі ён крануўся, як абедзве моцна сцятыя ногі Дон-Кіхота рассунуліся, саскаўзнуўшы з сядла; ён зваліўся-б на зямлю, калі-б не павіс на руцэ. Гэта зрабіла яму такі боль, што ён падумаў, што яму рэжуць пальцы або адрываюць усю руку да пляча. Хаця ён і павіс так блізка ад зямлі, што ледзь не кранаўся яе пальцамі ног, але гэтая абставіна служыла толькі для пагоршанчня яго становішча, бо, адчуваючы, як мала яму астаецца, каб стаць усёй ступнёй на зямлю, ён выцягваўся з усёй сілай, каб дастаць да зямлі.


РАЗДЗЕЛ XXXII,
у якім працягваюцца нечуваныя прыгоды на заезджым двары

Дон Кіхот падняў такі крык, што гаспадар, паспешна адчыніўшы вароты заезджага двара, спалохана выбег паглядзець, хто так моцна крычыць. Быўшыя за варотамі зрабілі тое-ж самае. Марыторнес, таксама прачнуўшыся ад гэтых