Старонка:Дон-Кіхот Ламанчскі (1935).pdf/211

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Ля гэтай адтворыны сталі дзве дзяўчыны і ўбачылі, што Дон-Кіхот сядзіць вярхом на кані, абапіраючыся на сваё кап’ё, і час ад часу глыбока і цяжка ўздыхае.

Адначасова з гэтым яны пачулі, што ён гаворыць пяшчотным і палкім голасам:

— О, мая сен’ёра, Дульсінея Табоская, вянец усякай прыгожасці, вышыня розуму, блеск пекнасці, скарбніца добрадзейнасці, увасабленне ўсяго самага высокага, благароднага і захапляючага, што толькі існуе на свеце! Чым занята цяпер міласць твая? Ці звернуты, мажліва, твае думкі на палоненага табой рыцара, які толькі для таго, каб служыць табе, ідзе па добрай волі на такую небяспеку?

Раптам гаспадарава дачка ціха паклікала яго і шапнула:

Сен’ёр мой, падыйдзіце сюды, калі ваша міласць будзе мець ласку.

На гэты голас Дон-Кіхот павярнуў галаву і пры святле месяца, ззяўшага ў той час усім сваім блескам, убачыў, што яго клічуць з адтворыны гары. Адтворына гэтая здалася яму акном, ды яшчэ з залачонымі кратамі, як гэтаму і трэба было быць у багатым замку, якім яму здаваўся заезджы двор.

У тую-ж хвіліну яго звар’яцеўшаму ўяўленню здалося, што зноў, як і ў мінулы раз, прыгожая дзяўчына, дачка ўладара замка, пераможаная каханнем, імкнецца прывабіць яго.

З гэтай думкай, каб не быць недалікатным і няўдзячным, ён павярнуў Расінантэ, пад’ехаў бліжэй да адтворыны і, убачыўшы двух дзяўчат, сказаў:

— Шкадую вас, прыгожая сен’ёра, што вы любоўныя свае думкі звярнулі туды, дзе немажліва вам знайсці такі адказ, які заслугоўвалі-б вялікія вашы вартасці і ваша пекнасць. Але вы не павінны абвінавачваць у гэтым няшчаснага вандроўнага рыцара, якога каханне пазбавіла мажлівасці аддаць сваю прыхільнасць другой, апрача той, якая зрабілася неабмежаванай уладаркай яго душы! Вы бачыце мяне, благародная сен’ёра, і ідзіце да сябе ў пакой… Або, мажліва, вам, сен’ёры, трэба памагчы ў якой-небудзь бядзе?