Старонка:Дон-Кіхот Ламанчскі (1935).pdf/180

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

што ваша вялікасць зніжана і званне ваша знішчана, бо з каралевы і знатнай асобы вы ператварыліся ў простую дзяўчыну. Калі гэта здарылася па загаду караля-чорнакніжніка, вашага бацькі, які баіцца, што я не зраблю неабходнай вам дапамогі, я скажу, што ён мала ведае рыцарскую гісторыю. Калі-б ён чытаў яе так уважліва і доўга, як я, дык на кожным кроку бачыў-бы, як яшчэ менш вядомыя, як я, рыцары рабілі куды больш трудныя подзвігі. Няма нічога асаблівага ў тым, каб забіць волата, якім-бы ён ні быў ганарлівым. Некалькі гадзін таму назад я пачаў з ім бойку і… лепш змоўчу, каб мне не сказалі, што я хлушу; але час выкрывае ўсё на свеце, ён загаворыць, калі менш за ўсё будзем чакаць гэтага…

— Вы пачалі бой з двума бурдзюкамі віна, а не з волатам, — сказаў тады гаспадар двара; але дон Фернандо загадаў яму не перабіваць прамовы Дон-Кіхота.

— Адным словам, я кажу, пазбаўленая спадчыны сен’ёра, што, калі бацька ваш зрабіў гэтую метамарфозу з вашай асобай, не надавайце гэтаму ніякага значэння, бо на свеце няма той небяспекі, праз якую не праклаў-бы сабе дарогу мой меч. З дапамогай яго я скіну вашага ворага і пакладу вам на галаву карону вашага каралеўства.

Дон-Кіхот чакаў, што яму адкажа прынцэса, і яна, ужо ведаючы аб рашэнні дона Фернандо (каб яна працягвала граць сваю ролю, покуль не давязуць Дон-Кіхота да яго сяла), адказала з вялікай важнасцю і вольнасцю:

— Хто-б вам ні сказаў, харобры рыцар Сумнага Вобразу, нібыта я змянілася і ператварылася, сказаў вам няпраўду. Я і сёння астаюся тым-жа, чым была ўчора. Сапраўды, некаторыя падзеі зрабілі ва мне змену. Але я не пераставала быць такой, якой была і раней, і прытрымлівацца тых-жа намераў, якія ў мяне заўсёды былі — прысці да харобрасці вашай адважнай і непераможнай рукі. Нам астаецца толькі накіравацца заўтра раніцою, бо сёння нельга было-б ехаць далёка. Што тычыцца шчаслівага сканчэння справы, на якое я спадзяюся, я пакладаюся на бога і на ваша мужнае сэрца.