Старонка:Дон-Кіхот Ламанчскі (1935).pdf/167

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Адразу-ж кінуўся ён у пакой, а за ім і ўсе астатнія. Тут яны ўбачылі Дон-Кіхота ў самым дзіўным на свеце ўборы. На ім была толькі адна сарочка, не так даўгая наперадзе, каб накрыць яму бёдры, адзаду-ж яшчэ на шэсць дзюймаў карацей. Ногі яго былі даўгія, худыя, валасатыя і не вельмі чыстыя, на галаве віднелася чырвоная брудная шапачка, належачая гаспадару двара. Вакол левай рукі была абверчана коўдра, на якую Санчо вельмі злаваўся (і ён добра ведаў, чаму), а ў правай руцэ ён трымаў меч, якім біў ва ўсе бакі з ваяўнічымі крыкамі, нібы ён і сапраўды змагаўся з якім-небудзь волатам. Вочы яго былі заплюшчаны, бо ён спаў, і яму снілася, што ён пачаў бойку з волатам.

Яму прыснілася таксама, нібы ён прыехаў ужо ў каралеўства Мікамікон і пачаў бойку са сваім ворагам. Ён зрабіў столькі ўдараў бурдзюкам, у думках сваіх б’ючы па волату, што ўвесь пакой быў заліты віном. Убачыўшы гэта, гаспадар двара вельмі раззлаваўся і кінуўся да Дон-Кіхота са сцятымі кулакамі, б’ючы яго да таго, што калі-б Кардэніё і поп не стрымалі яго, бойка з волатам тут-жа і скончылася-б.

Тым не менш бедны рыцар прачнуўся толькі пасля таго, як цырульнік прынёс з калодзежа вялікі кацялок сцюдзёнай вады і лінуў яе адразу на галаву Дон-Кіхота. Гэта хаця і абудзіла рыцара, але ён не апамятаваўся яшчэ настолькі, каб уявіць, у якім ён выглядзе. Заўважыўшы, як ён лёгка і бедна апрануты, Даратэя не захацела ўвайсці паглядзець на бойку свайго абаронца з яе ворагам. Санчо між тым шукаў галаву волата па ўсёй падлозе і, не знайшоўшы яе, сказаў:

— Я ўжо ведаю, што ўсё ў гэтым доме зачаравана, бо ў мінулы раз на гэтым самым месцы, дзе я цяпер стаю, мне надавалі многа штуршкоў і ўдараў, а я не ведаў, хто дае іх мне, і нікога не бачыў. Цяпер вось не магу знайсці галавы, хоць і бачыў уласнымі вачыма, як яна была адсечана, і кроў цякла з цела, як з фантана.

— Пра якую кроў і пра які фантан гаворыш ты? — усклік-