Старонка:Дон-Кіхот Ламанчскі (1935).pdf/150

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Што ты скажаш на гэта, сябра Санчо? — запытаў тады Дон-Кіхот. — Ці чуў ты, пра што гутарка? Ці не казаў я табе гэтага? Бачыш, у нас ужо ёсць і каралеўства, каб кіраваць ім, і каралева, каб жаніцца на ёй, трэба толькі іх узяць.

— Клянуся, што гэта так, — сказаў Санчо, — і быў-бы дурнем той, хто не ажаніўся-б адразу, як толькі перарэжа горла сен’ёру Пандафіландо. Дрэнная, ці што, у нас каралева? Хацеў-бы я, каб у такія, як яна, ператварыліся ўсе блохі ў маёй пасцелі.

Кажучы гэта, Санчо скокнуў разы два ў паветры з адзнакамі вялікага задавальнення, пасля чаго схапіў за наморднік мула Даратэі, спыніў яго і кінуўся перад ёю на калені, упрашаючы яе дазволіць яму пацалаваць яе руку ў адзнаку таго, што ён прызнае яе сваёй каралевай і ўладаркай.

Даратэя дала Санчо пацалаваць свае рукі і абяцала яму зрабіць яго знатным сен’ёрам у сваім каралеўстве, калі неба дазволіць ёй зноў завалодаць ім.

Санчо падзякаваў яе ў такіх выразах, што зноў падняў агульны смех.

— Вось, сен’ёры, — казала далей Даратэя, — мая гісторыя; мне астаецца толькі дадаць, што з усяе мае світы, вывезенай мною з майго каралеўства, у мяне нікога не асталося, апрача вось гэтага барадатага зброеносца, бо ўсе астатнія патанулі ў час страшэннай буры, якая захапіла нас недалёка ад гавані. Ён і я, мы даплылі да берагу на двух дошках нібы цудам, ды і ўсё маё жыццё, як вы маглі заўважыць, поўна цудаў і таемнасцей. Калі-ж я, расказваючы пра яго, зайшла ў чым-небудзь далей або не была вельмі дакладнай, як трэба было-б, прыпішыце віну таму, пра што сен’ёр лісенсіят сказаў у пачатку майго апавядання, менавіта — што бесперапынныя і надзвычайныя пакуты адбіраюць памяць у людзей, іх перажываючых.

— Яны не адбяруць памяці ў мяне, о, узвышаная і адважная сен’ёра! — усклікнуў Дон-Кіхот. — Я зноў пацвярджаю вам сваё абяцанне выканаць вашу просьбу і клянуся ісці з вамі на