Старонка:Дон-Кіхот Ламанчскі (1935).pdf/149

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Дон-Кіхот, сказаў ён напэўна, — усклікнуў тады Санчо Панса, — або рыцар Сумнага Вобразу.

— Зусім правільна, — пацвердзіла Даратэя. — Апрача таго ён яшчэ казаў, што той рыцар высокага росту, сухарлявы, а з правага боку пад левым плячом, або каля пляча, у яго цёмная радзімка з некалькімі валосікамі накшталт шцаціны вепра.

Пачуўшы гэта, Дон-Кіхот сказаў свайму зброеносцу:

— Ідзі сюды, Санчо-сын, памажы мне распрануцца: я хачу ўбачыць, ці той я рыцар, пра якога прарочыў мудры кароль.

— Але навошта-ж ваша міласць хоча распранацца? — запытала Даратэя.

— Каб паглядзець, ці ёсць у мяне тая радзімка, пра якую казаў ваш бацька, — адказаў Дон-Кіхот.

— Для гэтага не трэба распранацца, — сказаў Санчо, — бо я ведаю, што ў вашай міласці ёсць радзімка на спіне, а гэта — адзнака, што вы чалавек моцны.

— Гэтага дастаткова, — сказала Даратэя, — бо між сябрамі не трэба звяртаць увагі на дробязі, ці на плячы радзімка, ці на спіне, гэта няважна. Безумоўна, добры мой бацька меў рацыю ва ўсім, і я не памылілася, звярнуўшыся да сен’ёра Дон-Кіхота, бо ён ёсць той, пра якога мне гаварыў мой бацька, бо прыкметы яго твара супадаюць з прыкметамі вялікай славы гэтага рыцара не толькі ў Іспаніі, але і ва ўсёй Ламанчы. Я знайшла сен’ёра Дон-Кіхота і цяпер ужо ў думках бачу сябе каралевай і ўладаркай усёй маёй дзяржавы, з таго часу, як ён, па сваёй ветлівасці і велікадушшу, абяцаў мне зрабіць ласку ісці са мною ўсюды, куды-б я ні павяла яго. А павяду я яго толькі насустрач Пандафіландо Цёмнаму Погляду, каб ён забіў яго і вярнуў мне тое, што супроць усякай справядлівасці было захоплена ім. Мой бацька таксама гаварыў мне, што, калі гэты рыцар, адсекшы галаву волата, захацеў-бы ажаніцца на мне, я адразу, без ніякіх супярэчанняў, павінна згадзіцца стаць законнай яго жонкай і даць яму валодаць маім каралеўствам адначасова з валоданнем маёй асобай, так што замест мяне будзе цараваць ён.