Старонка:Дон-Кіхот Ламанчскі (1935).pdf/146

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

на карабель. І калі будзе папутны вецер, спакойнае мора і не здарыцца буры, вы трохі менш, як за дзевяць год, можаце даехаць да вялікага возера, якое ляжыць дзён на сто з гакам дарогі ад каралеўства вашай вялікасці.

Прынцэса пацвердзіла паведамленне папа, зазначыўшы толькі, што на яе бацькаўшчыну можна заехаць і раней.

— Цяпер-жа папрашу сен’ёра лісенсіята сказаць мне, якая прычына прывяла яго ў гэтую пустэльную мясцовасць зусім аднаго, без слуг і апранутага лёгка? — запытаўся Дон-Кіхот.

— Адкажу вам на гэта ў кароткіх словах, — сказаў поп. — Ведайце-ж, міласць ваша, сен’ёр Дон-Кіхот, што я і маэсе Ніколас, наш сябра і наш цырульнік, паехалі ў Севілью атрымаць грошы, якія адзін мой сваяк, прабыўшы доўга ў Індыі, прыслаў мне. Калі мы ўчора праходзілі каля гэтай мясцовасці, на нас напалі чацвёра разбойнікаў, якія абрабавалі нас аж да барады, так што цырульнік палічыў патрэбным прымайстраваць сабе фальшывую бараду, а вось гэтага маладога чалавека (ён паказаў на Кардэніё), які ідзе разам з намі, яны абрабавалі ў другі раз. Самае лепшае ва ўсёй гісторыі тое, што, як ходзяць тут чуткі, напаўшыя на нас разбойнікі былі галерныя нявольнікі, якіх, як кажуць, вызваліў амаль на гэтым месцы чалавек, меўшы такую мужнасць, што ён адзін супроць камісара і стражнікаў адпусціў усіх разбойнікаў на волю. Няма сумнення, што ён, напэўна, вар’ят або такі-ж вялікі нягоднік, як і яны, або нарэшце чалавек без душы і сумнення, калі ён мог пусціць ваўка сярод авечак, лісіцу сярод кур і мух — на мёд

Санчо расказаў папу і цырульніку пра вызваленне галерных нявольнікаў, зробленае яго панам з такой для яго славай, і з гэтай прычыны поп, кажучы пра гэтую падзею, вельмі згусціў фарбы, каб паглядзець, што зробіць або скажа Дон-Кіхот, які пры кожным яго слове то чырванеў, то бляднеў і не адважыўся прызнацца, што ён быў вызваліцелем гэтых добрых людзей.

— Вось яны, — паўтарыў поп, — і абрабавалі нас.