Старонка:Дон-Кіхот Ламанчскі (1935).pdf/144

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Рыцар пачаў пільна ўглядацца ў яго і нарэшце апазнаў. Ён быў здзіўлены, сустрэўшы яго тут, і рабіў вялікія намаганні, каб злезці з каня. Але поп не дапусціў да гэтага, пасля чаго Дон-Кіхот сказаў:

— Дайце мне злезці, міласць ваша, сен’ёр лісенсіят, бо не падыходзіць, каб я сядзеў вярхом, калі такая шаноўная асоба, як ваша міласць, ідзе пехотою.

— Я ніякім чынам не згаджуся на гэта, — сказаў поп. — Аставайцеся сядзець вярхом, ваша вялікасць, бо, седзячы вярхом, вы робіце самыя вялікія справы і ўчынкі, якія калі-небудзь бачылі ў наш век. Што тычыцца мяне — іерэя, хаця і недастойнага, — з мяне хопіць змясціцца на муле адзаду каго-небудзь з гэтых сен’ёраў, якія суправаджаюць вашу міласць.

— Я ўпэўнены, — адказаў Дон-Кіхот, — што сен’ёра прынцэса будзе настолькі ветлівай, што з добрага пачуцця да мяне загадае свайму зброеносцу даць месца на сядле вашай міласці, а сам ён сядзе адзаду, калі толькі мул вытрымае гэта.

— Зусім правільна, — адказаў цырульнік і шпарка злез з мула, прапануючы заняць месца на сядле папу, што той і зрабіў, не прымушаючы сябе доўга прасіць. Але на няшчасце, калі цырульнік хацеў узлезці на круп мула, дык той, — які, па праўдзе кажучы, быў наёмны, а значыць і дрэнны, — так брыкнуў заднімі нагамі ў паветры, што калі-б ён трапіў у грудзі або ў галаву маэсе Ніколаса, той паслаў-бы да д’ябла ўсе пошукі Дон-Кіхота. Але і гэтае брыканне мула спалохала яго, і ён паваліўся, зусім не клапоцячыся пра сваю бараду, якая звалілася на зямлю. Адчуўшы, што ён без барады, цырульнік нічога другога не мог прыдумаць, як толькі накрыць твар абодвума рукамі і крыкнуць, што ён выбіў сабе карэнныя зубы. Дон-Кіхот, убачыўшы вялікі пук барады без сківіцы і без крыві, які ляжаў асобна ад твара паўшага зброеносца, усклікнуў:

— Гэта вялікае цуда! Яму адбіла і адарвала з твара бараду, нібы яе знарок згалілі.