Старонка:Дон-Кіхот Ламанчскі (1935).pdf/143

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

скурыя. Але супроць гэтага ён адразу-ж знайшоў добры сродак у сваім уяўленні і сказаў сабе:

„Што за бяда, калі мае падданыя будуць неграмі? Нічога другога не астаецца, як толькі нагрузіць імі карабель і прывезці ў Іспанію, дзе я магу іх прадаць і дзе мне заплоцяць за іх наяўнымі грашыма, а на гэтыя грошы я куплю сабе які-небудзь тытул або пасаду і потым пражыву ўсё сваё жыццё прыпяваючы“.

Заняты гэтымі думкамі, ён ішоў такі здаволены і радасны, што нават запамятаваў, як цяжка вандраваць пехатою. Поп і Кардэніё наглядалі за ўсім, што адбывалася, схаваўшыся за кустамі, і не ведалі, якім чынам далучыцца да астатняй кампаніі. Але поп, чалавек вельмі знаходлівы, адразу-ж прыдумаў, што зрабіць для дасягнення жаданага: нажніцамі, якія ён меў пры сабе ў футляры, ён з вялікай шпаркасцю абстрыг бараду Кардэніё, надзеў на яго сваю шэрую епанчу і даў яму даўгі чорны плашч без каўняра, астаўшыся сам у камзоле і панталонах.

Кардэніё, пераапрануўшыся, зрабіўся такім непадобным на ранейшага, што не апазнаў-бы сябе, калі-б паглядзеў у люстра. Скончыўшы пераапранацца, поп і Кардэніё, — хаця рэшта падарожнікаў за гэты час і паспелі далёка ад’ехаць наперад, — хутка дайшлі раней іх да вялікай дарогі, бо хмызнякі і бугры ў гэтай мясцовасці перашкаджалі рухацца конным так шпарка, як гэта маглі рабіць пешыя. Адным словам, яны хутка апынуліся ў лагчыне і спынілся ля выхаду з гор.

Як толькі паказаўся Дон-Кіхот і яго спадарожнікі, поп, досыць доўга і пільна ўглядаючыся ў рыцара, рабіў выгляд, нібыта ён паступова пачынае апазнаваць яго, і потым кінуўся да яго з распасцёртымі абымкамі.

— У шчаслівую гадзіну сустрэў я люстра рыцарства, добрага майго земляка Дон-Кіхота Ламанчскага, увасабленне ветлівасці, абаронцу і апеку над прыгнечанымі і квінт-эсенцыю ўсіх вандроўных рыцараў. — Кажучы гэта, поп абымаў левае калена Дон-Кіхота.