— Я да таго часу не падымуся, о, харобры і магутны рыцар, покуль вы, па дабрыні і велікадушшу свайму, не зробіце мне ласку, якая пакрые вашу асобу славай і гонарам і пойдзе на карысць самай безуцешнай і прыгнечанай дзяўчыне, якую асвятляла калі-небудзь сонца. Калі сапраўды харобрасць моцнай вашай рукі адпавядзе чуткам пра вечную вашу славу, вы абавязаны памагчы няшчаснай, якая з’явілася сюды з вельмі далёкіх краін, прыцягнутая блескам вашага імені, у надзеі знайсці ў вас абарону ў сваіх няшчасцях.
— Не адкажу вам ні слова, прыгожая сен’ёра, — сказаў Дон-Кіхот, — і не хачу слухаць нічога пра вашу справу, покуль вы не падымецеся з каленяў!
— Я не падымуся да таго часу, сен’ёр, — адказала гаруючая дзяўчына, — покуль вы з уласцівым вам велікадушшам не паабяцаеце зрабіць мне ласку, пра якую я прашу.
— Абяцаю вам зрабіць ласку, — адказаў Дон-Кіхот, — калі толькі гэта не пойдзе на шкоду маёй бацькаўшчыне і той, якая валодае ключом ад майго сэрца і маёй волі.
— Яна не пойдзе на шкоду ўсяму таму, пра што вы ўспамянулі, мой добры сен’ёр, — адказала гаруючая дзяўчына.
У гэты час Санчо Панса падышоў да свайго пана і ціха шапнуў яму на вуха:
— Сен’ёр, міласць ваша можа спакойна абяцаць ёй тое, пра што яна просіць, бо гэта — глупства: усяго толькі забіць велізарнага волата. А тая, якая пра гэта просіць — магутная прынцэса Мікамікона, каралева вялікага каралеўства Мікамікон у Эфіёпіі.
— Хто-б яна ні была, — адказаў Дон-Кіхот, — я зраблю так, як мне гаворыць абавязак і падказвае сумленне ў згодзе з рыцарскімі правіламі, якія я спаведую.
І, звяртаючыся да дзяўчыны, ён дадаў:
— Прашу вас, найвышэйшая прыгожасць, падыміцеся, бо я дарую ласку, якую вам захочацца прасіць у мяне.
— Яна складаецца з таго, — сказала дзяўчына, — каб вы, велікадушны рыцар, адразу-ж пайшлі за мной, куды я вас