Старонка:Дон-Кіхот Ламанчскі (1935).pdf/140

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

міласць, сен’ёр, менавіта: каб пан мой не задумаў зрабіцца архіепіскапам, чаго я так баюся. Парайце яму, ваша міласць, адразу-ж павянчацца з гэтай прынцэсай; такім чынам яго нельга будзе ператварыць у сан архіепіскапа, і ён лёгка здабудзе сабе імператарскую карону, а я — ажыццяўленне маіх жаданняў.

— Што тычыцца вяселля вашага пана, — сказаў поп, — я зраблю ўсё, што ад мяне залежыць, каб памагчы гэтай справе.

Санчо астаўся настолькі здаволены адказам папа, наколькі той быў здзіўлены яго прастатой і тым, да чаго моцна ўкараніліся ў яго ўяўленні тыя-ж самыя недарэчнасці, што і ў яго пана: Санчо-ж ніколькі не сумняваўся, што Дон-Кіхот сапраўды зробіцца імператарам.

Між тым Даратэя села на мула папа, а цырульнік прымайстраваў сабе бараду з бычынага хваста; яны загадалі Санчо правесці іх туды, дзе знаходзіцца Дон-Кіхот, папярэдзіўшы яго, каб ён не гаварыў, што ведае папа або цырульніка, бо менавіта ад гэтага і залежыць мажлівасць пана яго зрабіцца імператарам. Ні поп, ні Кардэніё не пажадалі накіравацца з імі: Кардэніё — каб не напамінаць Дон-Кіхоту яго сваркі з ім, поп — з той прычыны, што яго прысутнасць покуль яшчэ не была неабходнай; такім чынам яны пусцілі іх наперад, самі-ж павольна пайшлі за імі пехатою.

Поп палічыў патрэбным растлумачыць Даратэі, што ёй рабіць, але яна прасіла не клапаціца, бо ўсё будзе зроблена, як патрэбна і як апісана ў рыцарскіх кнігах.

Пад’ехаўшы да Дон-Кіхота, зброеносец прынцэсы саскачыў з мула і падышоў да Даратэі, каб узяць яе на рукі, а яна, з вялікім спрытам злезшы з сядла, кінулася на калені перад Дон-Кіхотам. Ён хацеў падняць яе, але яна, не падымаючыся, звярнулася да яго з наступнымі словамі: