Старонка:Дон-Кіхот Ламанчскі (1935).pdf/122

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Зрабіцца-ж ім рыцару вельмі лёгка, узяўшы пад увагу асабістую харобрасць і сілу рукі яго. Калі-ж усё гэта здарыцца і яго пан будзе каралём, ён ажэніць яго, Санчо, бо да таго часу ён будзе ўдаўцом, — інакш быць не можа, — і ў жонкі ён дасць яму адну з дзяўчын імператрыцы, наследніцу вялікіх і багатых уладанняў на сухазем’і без ніякіх астравоў, якіх ён цяпер зусім не хоча. Санчо гаварыў гэта вельмі спакойна, выціраючы сабе час ад часу нос. Поп і цырульнік вельмі здзівіліся. Да чаго-ж моцным павінна быць вар’яцтва Дон-Кіхота, калі яно заразіла мазгі і гэтага беднага чалавека. Яны не захацелі вывесці яго з памылкі, у якой ён знаходзіўся, парашыўшы, што лепш пакінуць яго ў гэтай памылцы. Для іх будзе цікавей слухаць гэтыя недарэчнасці.

Такім чынам, яны яму сказалі, каб ён маліў бога аб здароўі свайго пана, таму што вельмі можа быць, што з цягам часу яго пан, як ён гаворыць, зробіцца імператарам або, прынамсі, архіепіскапам або іншым саноўнікам. На гэта Санчо адказаў:

— Сен’ёры, калі-б лёс павярнуў справу так, што пану майму прышло-б у галаву зрабіцца не імператарам, а архіепіскапам, хацелася-б мне ведаць, чым-жа вандроўныя архіепіскапы маюць звычай узнагароджваць сваіх зброеносцаў?

— Яны ўзнагароджваюць іх, — адказаў поп, — якім-небудзь багатым прыходам або месцам рызнічага з добрым гадавым акладам, не лічачы ахвярванняў на царкву.

— Але для гэтага, — адказаў Санчо, — трэба, каб зброеносец архіепіскапа не быў жанатым, або, прынамсі, умеў-бы прыслугоўваць за абедняй. Калі-ж гэта так, гора мне, няшчаснаму, бо я жанаты і не ведаю нават першай літары альфабэта! Што будзе са мной, калі майму пану раптам захочацца зрабіцца архіепіскапам, а не імператарам, як гэта прынята і ў звычаі ў вандроўных рыцараў!

— Не бойцеся, Санчо, сябра, — сказаў цырульнік, — мы папросім вашага пана, каб ён зрабіўся імператарам, а не архіепіскапам. Але цяпер варта нам раней за ўсё падумаць, як вызваліць вашага пана ад непатрэбнай эпітыміі, якую ён,