Перайсці да зместу

Старонка:Домбі і сын.pdf/88

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Старонка праверана

гадзінамі сядзеў або ляжаў у сваёй калясцы, і нішто так не засмучала яго, як прысутнасць дзяцей.

— Ідзіце ад мяне, калі ласка, — гаварыў ён дзецям, якія прыходзілі пасядзець з ім. — Дзякую вам, але вы мне не патрэбны.

Здаралася, што дзіцячы галасок пад самым яго вухам пытаўся, як ён сябе адчувае.

— Вельмі добра, дзякую вам, — адказваў ён. — Але вы, калі ласка, ідзіце і гуляйце.

Пасля ён паварачваў галаву, доўга глядзеў услед пайшоўшаму дзіцяці і ціха казаў Фларэнс:

— Нам нікога больш не трэба, праўда? Пацалуйце мяне, Флой.

У такія хвіліны для яго прыкрай была нават прысутнасць Уікем, і ён радаваўся, калі яна па свайму звычаю ішла шукаць ракавіны і знаёмых. Любімае яго месца было вельмі адзінотнае, куды не заглядала большасць гуляючых; і калі Фларэнс сядзела каля яго з работай або чытала яму, або размаўляла з ім, а вецер дзьмуў яму ў твар і вада падступала да калёс яго каляскі, яму больш нічога не было патрэбна.

— Флой, — сказаў ён аднойчы, — дзе гэта Індыя, у якой жыве радня гэтага хлопчыка?

— О, далёка, далёка адсюль, — сказала Фларэнс, падымаючы вочы ад работы.

— Трэба ехаць некалькі тыдняў? — запытаўся Поль.

— Так, дарагі. Шмат тыдняў, удзень і ўночы.

— Калі-б вы былі ў Індыі, Флой, — сказаў Поль, памаўчаўшы хвіліну, — я-б... Што гэта зрабіла мама? Я забыўся.

— Любіла мяне! — падсказала Фларэнс.

— Не, не. Хіба цяпер я не люблю вас, Флой?.. Як гэта?.. памерла... Калі-б вы былі ў Індыі, я памёр-бы, Флой.

Яна хуценька адлажыла работу і, ласкаючы яго, апусціла галаву на яго падушку. І яна памерла-б, калі-б ён быў там, сказала яна яму. Хутка ён будзе адчуваць сябе лепш.

— О, мне цяпер значна лепш! — адказваў ён. — Я не тое хацеў сказаць. Я хачу сказаць, што памёр-бы ад засмучэння і ад таго, што быў-бы адзін, Флой.

Аднаго разу ён заснуў там-жа і доўга спаў спакойна. Раптам прачнуўшыся, ён прыслухаўся, схамянуўся, сеў і зноў к нечаму прыслухоўваўся.

Фларэнс запытала, што яму пачулася.

— Я хачу ведаць, што яно гаворыць, — адказаў ён, уважліва пазіраючы ёй у твар. — Мора, Флой, аб чым яно гаворыць увесь час?

Яна адказала яму, што гэта толькі шум набягаючых хваль.

— Так, так, — сказаў ён. — Але я ведаю, што яны заўсёды нешта гавораць. Заўсёды адно і тое-ж. Што там ёсць, за морам?

84