выглядам, бо было ясна, што міс Беры чакала адваротнага, — і замужам за срэбных спраў майстрам. О, так, міс, яна-то жыве, — адказвала місіс Уікем з моцным націскам на займенніку.
З гэтага было відаць, што нехта памёр, дык пляменніца місіс Піпчын запыталася — хто.
— Мне-б не хацелася вас трывожыць, — адказвала місіс Уікем, вячэраючы. — Не пытайцеся ў мяне.
Гэта быў верны шлях к таму, каб у яе зноў запыталіся. Таму міс Беры паўтарыла пытанне, і пасля некаторага супраціўлення і хістанняў місіс Уікем паклала нож і, зноў агледзеўшы пакой і Поля ў ложачку, адказвала:
— Яна раптам прывязвалася да людзей; надзіва прывязвалася іншы раз. І ўсе гэтыя людзі памерлі.
Пляменніцы місіс Піпчын здалося гэта такім страшным, што яна выпрасталася на цвёрдым краі ложка, парывіста дыхаючы і з незахаваным перапалохам пазіраючы на расказчыцу.
Місіс Уікем асцярожна махнула левым указальным пальцам у бок ложка, на якім спала Фларэнс; пасля апусціла яго ўніз і некалькі разоў паказала выразна на падлогу; якраз пад імі была гасціная, дзе місіс Піпчын мела звычай паядаць тосты.
— Запомніце мае словы, міс Беры, — сказала місіс Уікем, — і будзьце ўдзячны, што майстар Поль не вельмі вас любіць. Запэўняю вас, я ўдзячна, што мяне ён не вельмі любіць, хоць невялікая радасць жыць у гэтай — даруйце, што я так свабодна выказваюся, — у гэтай турме! Ваша цётка — старая лэдзі, міс Бэры, і да гэтага вы павінны быць падрыхтаваны...
Хоць пляменніца місіс Піпчын, спускаючыся ўніз не думала, што ўбачыць гэтага ўзорнага дракона[1] распрасцёртым на дыване ля каміна, аднак, яна адчула палёгку, калі ўбачыла, што яна надзвычай сварлівая і сярдзітая і, напэўна, мелася пражыць шмат гадоў на ўцяшэнне ўсім, хто яе ведаў.
Але з тае прычыны, што сам Поль не зрабіўся дужэйшым, чым быў у часе прыезду, то для яго дасталі калясачку, у якой ён вельмі камфартабельна мог ляжаць з азбукай і іншымі пачатковымі падручнікамі, у той час як яго везлі да марскога берагу. Верны сваім дзіўным густам, ён адхіліў чырвонашчокага падростка, якога вылучылі на пасаду возчыка гэтай каляскі, і замест яго абраў яго дзеда, маршчыністага старога з тварам, які нагадваў краба, у пацёртым цыратовым касцюме.
З гэтым вартым увагі слугой, які каціў каляску, Фларэнс, якая заўсёды ішла побач, і з засмучанай Уікем, якая ішла ззаду, маленькі Поль спускаўся штодзённа на бераг акіяна; і тут ён
- ↑ Дракон — легендарная пачвара, крылаты дыхаючы агнём змей, які сустракаецца часцей за ўсё ў кітайскіх казках і міфах.