Перайсці да зместу

Старонка:Домбі і сын.pdf/77

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Старонка праверана

бадай ці дастатковай даўжыні) і пераводзячы позірк з агню на яго і зноў на агонь, і зноў на яго.

Містэр Домбі пасунуў крэсла на ранейшае месца і пагладзіў яго па галаве.

— Скора вы гэта будзеце лепш ведаць, мой хлопчык, — сказаў ён. — Грошы, Поль, могуць зрабіць усё, што захочаш. — Гаворачы гэта, ён узяў маленькую ручку і ціхенька пахлопаў ёю па сваёй руцэ.

Але Поль пастараўся як мага хутчэй вызваліць руку і, злёгку, паціраючы ёю ручку крэсла, паўтарыў пасля кароткай паўзы:

— Што захочаш, тата?

— Так. Што захочаш. Амаль, — сказаў містэр Домбі.

— Што захочаш — значыць, усё? Так, тата? — запытаўся сын.

— Гэта ўсёроўна. Так, — сказаў містэр Домбі.

— Чаму-ж грошы не выратавалі мне маму? — запыталася дзіця. — Яны лютыя, праўда?

— Лютыя? — паўтарыў містэр Домбі, папраўляючы гальштук і нібы пакрыўджаны гэтай думкай. — Не. Добрае не можа быць лютым.

— Калі яны добрыя і могуць рабіць, што захочаш, — задуменна сказаў хлапчук, гледзячы на агонь, — я не разумею, чаму яны не выратавалі мне маму.

Цяпер ён не звяртаўся з гэтым пытаннем да бацькі. Магчыма, з дзіцячай праніклівасцю ён зразумеў, што пытанне ўжо збянтэжыла бацьку. Але ён уголас паўтарыў сваю думку, нібы для яго яна была зусім не новай і вельмі непакоіла яго; і ён сядзеў, падпёршы падбародак рукой, па-ранейшаму раздумваючы і шукаючы тлумачэнне ў каміне.

Містэр Домбі, апамятаўшыся ад здзіўлення, каб не паказаць трывогі (бо гэта быў першы выпадак, калі дзіця загаварыла з ім аб мамцы, хоць якраз таксама сядзела каля яго кожны вечар), падрабязна растлумачыў яму, што грошы, хоць гэта і вельмі магутны дух, якім ніколі і ні пры якіх абставінах грэбаваць не трэба, не могуць захаваць жыцця тым, каму прышоў час памерці; ён растлумачыў, як усе мы, нават, у Сіці, павінны, на няшчасце, памерці, якімі-б мы не былі багатымі; ён растлумачыў, якім чынам грошы з’яўляюцца прычынай таго, што нас шануюць, баяцца, паважаюць, ліслівяць нам і захапляюцца намі, як яны робяць нас уплывовымі і вялікімі ў вачах усіх людзей і як яны могуць вельмі часта аддаляць нават смерць на доўгі час; як, напрыклад, яны забяспечылі яго маме паслугі містэра Пілкінса, якімі часта карыстаўся і ён, Поль, а таксама вялікага доктара Паркера Пепса, якога ён ніколі не бачыў; і як яны могуць зрабіць усё, што толькі можа быць зроблена.

— Але яны не могуць зрабіць мяне дужым і зусім здаровым, праўда, тата? — запытаўся Поль пасля нядоўгага маўчання, паціраючы свае ручкі.

73