Перайсці да зместу

Старонка:Домбі і сын.pdf/78

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Старонка праверана

— Але вы і так дужы і зусім здаровы, — засупярэчыў, містэр Домбі. — Хіба не праўда?

О, які старэчы твар, зноў звернуты да яго, які выказваў і смутак і хітрасць!

— Вы такі-ж дужы і здаровы, якімі звычайна бываюць такія малышы, а? — прадаўжаў містэр Домбі.

— Фларэнс старэйшая за мяне, але я не такі дужы і здаровы, як Фларэнс, я гэта ведаю, — адказвала дзіця. — І я думаю, што калі Фларэнс была такой маленькай, як я, яна магла гуляць значна больш, не стамляючыся. Часамі я так стамляюся, — сказаў маленькі Поль, грэючы рукі і пазіраючы праз пранты каменнай рашоткі, — і косці ў мяне баляць (Уікем кажа — гэта баляць мае косці), і я не ведаю, што рабіць.

— Так, але гэта бывае вечарамі, — сказаў містэр Домбі, падсоўваючы сваё крэсла да крэселца сына і ласкава кладучы рукі яму на спіну. — Малышы павінны к вечару стамляцца, тады яны лепш спяць.

— О, гэта бывае не вечарам, тата, — запярэчыла дзіця, — гэта бывае ўдзень; і я кладуся на калені да Фларэнс, а яна мне спявае. Уночы мне сняцца такія дзіў-у-уныя рэчы!

І зноў ён пачаў грэць рукі і разважаць аб гэтых рэчах, нібы стары або юны гном.

Містэр Домбі быў так здзіўлены, так устрывожаны і так разгублен, не ведаючы, як прадаўжаць размову, што мог толькі сядзець, гледзячы пры святле каміна на свайго сына і не аднімаючы рукі ад яго спіны, як быццам яе ўтрымлівала нейкае магнітнае прыцяжэнне. Пасля ён працягнуў другую руку і на секунду павярнуў задумлівы тварык сына да сябе. Але ён зноў павярнуўся да каміна, як толькі містэр Домбі яго вызваліў, і не адрываўся ад хісткага полымя, пакуль не прышла нянька класці яго спаць.

— Я хачу, каб па мяне прышла Фларэнс, — сказаў Поль.

— Вы не хочаце ісці са сваёй гаротнай няняй Уікем, майстар Поль? — з вялікім пафасам запыталася яна.

— Не хачу, — адказаў Поль, зноў рассядаючыся ў сваім крэсле з выглядам гаспадара дома.

Благаслаўляючы яго нявіннасць, місіс Уікем вышла, і неўзабаве замест яе ўвашла Фларэнс. Дзіця адразу ўсхапілася са жвавасцю і гатоўнасцю і, жадаючы бацьку спакойнай ночы, падняло да яго такі павесялелы, такі памаладзелы і такі зусім дзіцячы тварык, што Домбі, хоць і супакоены гэтым ператварэннем, быў вельмі ўражаны.

Калі яны разам вышлі з пакоя, ён пачуў ціхую песню і ўспомніўшы, як Поль гаварыў, што сястра спявае яму, ён пацікавіўся адчыніць дзверы, паслухаць і паглядзець ім услед. Яна павольна падымалася па вялікай шырокай лесвіцы, трымаючы яго на руках; галава яго ляжала ў яе на плячы, адна

74