Домбі сядзеў у кутку зацемненага пакоя ў вялікім крэсле ля ложка, а Сын ляжаў цёпла ўхутаны ў плеценай калысачцы, клапатліва пастаўленай на нізкую канапу перад самым камінам, нібы па прыродзе сваёй ён быў падобны да здобнай булачкі і трэба было добра яго падрумяніць.
Домбі было каля сарака васьмі год. Сыну каля сарака васьмі хвілін. Домбі быў лысаваты, чырванаваты, і, будучы, між іншым, прыгожым, добра складзеным мужчынам, меў надта суровы і напышлівы выгляд, каб выклікаць прыхільнасць да сябе. Сын быў вельмі лысы і вельмі чырвоны, і, будучы, ведама, бясспрэчна чароўным дзіцем, здаваўся некалькі памятым і плямістым. На ілбе Домбі Час і яго брат Клопат пакінулі некаторыя сляды, як на дрэве, якое павінна быць ссечана, — бязлітасныя гэтыя блізнюкі, якія гуляюць па сваіх чалавечых лясах, робячы мімаходзь зарубкі, — тады як твар Сына быў ссечаны ўдоўж і ўпоперак тысячай маршчынак, якія таксама падманлівы Час будзе з асалодай сціраць і разгладжваць плоскім бокам сваёй касы, падрыхтоўваючы паверхню для больш глыбокіх сваіх аперацый.
Домбі, радуючыся доўгачаканай падзеі, пазвякваў масіўным залатым ланцужком гадзінніка, які быў відаць з-пад яго беззаганнага сіняга сурдута, на якім блішчэлі гузікі ў цмяных праменнях, што падалі зводалі ад каміна. Сын, сціснуўшы кулачкі, як быццам пагражаў, па меры сваіх слабых сіл, жыццю за тое, што яно прышло да яго так нечакана.
— Місіс Домбі, — сказаў містэр Домбі, — фірма зноў будзе не толькі па назве, але і фактычна Домбі і Сын, Домбі і Сын!
У гэтых словах было столькі супакаення, што ён далучыў пяшчотны эпітэт да імя місіс Домбі (між іншым, не без хістанняў, бо не меў прывычкі да такой формы звароту) і сказаў:
— Місіс Домбі, мая… мая любая.