Румянец, выкліканы лёгкім здзіўленнем, заліў твар хворай лэдзі, калі яна падняла на яго позірк.
— Пры хрышчэнні, вядома, яму будзе дадзена імя Поль, мая… місіс Домбі.
Яна слаба адазвалася: «Вядома», і зноў заплюшчыла вочы.
— Імя яго бацькі, місіс Домбі, і яго дзеда! Хацеў бы я, каб яго дзед дажыў да гэтага дня!
І зноў ён паўтарыў: «Домбі і Сын» акурат такім жа тонам, як і раней.
У гэтых трох словах выражалася адна адзіная ідэя жыцця містэра Домбі. Зямля была створана для Домбі і Сына, каб яны маглі займацца на ёй гандлёвымі справамі, а сонца і месяц былі створаны, каб даваць ім святло; рэкі і моры былі створаны для плавання іх суднаў; радуга абяцала ім добрае надвор’е; вецер спрыяў або быў супроць іх прадпрыемстваў; зоры і планеты рухаліся па сваіх арбітах, каб захаваць непарушнай сістэму, у цэнтры якой былі яны.
Ён падняўся, як да яго падняўся яго бацька, па закону жыцьця і смерці, ад Сына да Домбі і амаль што дваццаць год быў адзіным прадстаўніком фірмы. З гэтых дваццаці год ён быў жанаты дзесяць, жанаты, як некаторыя сцвярджалі, на лэдзі, якая не аддала яму свайго сэрца, на лэдзі, чыë шчасце было ў мінулым і якая задавальнялася тым, што прымусіла свой зламаны дух прымірыцца пачціва і пакорна з сучасным. Такія пустыя чуткі наурад ці маглі дайсці да містэра Домбі, якога яны блізка закраналі, і, бадай, ніхто на свеце не паставіўся б да іх з большым недавер’ем, чым ён, калі б яны дайшлі да яго. Домбі і Сын часта мелі справу са скурай, але ніколі з сэрцам. Гэты модны тавар яны пакідалі хлопчыкам і дзяўчынкам, пансіёнам і кнігам. Містэр Домбі памеркаваў бы, што шлюбны саюз з ім павінен, па прыродзе рэчаў, быць прыемным і пачэсным для кожнай жанчыны, надзеленай разважным сэнсам; што надзея даць жыццё новаму кампаньёну такой фірмы не можа не абуджаць прыемнай і хвалюючай ганарлівасці ў грудзях найменш ганарлівай прадстаўніцы яе полу; што місіс Домбі заключыла гэты шлюбны дагавор, якога амаль нельга ўнікнуць у сем’ях благародных і багатых, не кажучы ужо аб неабходнасці захаваць назву фірмы, зусім не закрываючы вачэй на гэтыя перавагі; што місіс Домбі штодзённа даведвалася на практыцы аб яго становішчы ў грамадстве; што місіс Домбі заўсёды гаспадарыла за яго сталом і выконвала ў яго доме абавязкі гаспадыні вельмі прыстойна; што місіс Домбі павінна быць шчаслівай; што інакш быць не можа.
Між іншым, з адной агаворкай. Так. Яе ён гатоў быў прыняць. З адной адзінай; але яна бясспрэчна заключала ў сабе многае. Яны былі жанаты дзесяць год, і аж да сëнешняга дня, калі містэр Домбі, пазвякваючы масіўным залатым ланцужком ад гадзінніка, сядзеў у вялікім крэсле ля ложка, у іх не было патомства, аб якім бы варта было гаварыць, нікога, хто варты