прынц у байцы, які прымяраў туфлік Золушцы. Ён перакінуў цераз левую руку трусіную шкурку і правую прапанаваў Фларэнс.
— Не плачце, міс Домбі, — сказаў Уолтэр, апанаваны энтузіямам. — Гэта цудоўна, што я быў тут! Цяпер вы ў такой-жа бяспецы, нібы вас ахоўвала цэлая каманда лепшых матросаў з ваеннага судна. Ах, не плачце!
— Больш я не буду плакаць, — сказала Фларэнс. — Я плачу з радасці.
«Плача з радасці! — падумаў Уолтэр. — І я прычына гэтай радасці».
— Хадземце, міс Домбі, Ну вось, цяпер і другі чаравік зваліўся. Вазьміце мае, міс Домбі.
— Не, не, не! — сказала Фларэнс, стрымліваючы яго ў той момант, калі ён парывіста сцягваў з сваіх ног чаравікі. — У гэтых мне больш зручна. У гэтых вёльмі добра.
— Ну, вядома, — сказаў Уолтэр, зірнуўшы на яе ножку, — мае на цэлую мілю даўжэй, чым трэба. Як-жа гэта я не падумаў? У маіх вы зусім не маглі-б ісці! Хадземце, міс Домбі! Хацеў-бы я паглядзець, які нягоднік асмеліцца вас цяпер пакрыўдзіць!
Уолтэр, маючы вельмі грозны выгляд, павёў Фларэнс, якая мела выгляд вельмі шчаслівы, і яны пайшлі ўзяўшыся падручкі па вуліцах, зусім не думаючы аб тым, якой дзіўнай магла здацца гэтая пара.
Змрок і туман згушчаліся, і ў дадатак пачаў цярушыць дождж, але яны ніякай увагі на гэта не звярталі; абодва былі цалкам захоплены нядаўнімі прыгодамі Фларэнс, пра якія яна расказвала з наіўным простадушшам і давер’ем, уласцівымі яе ўзросту, у той час як Уолтэр слухаў так, нібы яны ішлі далёка ад гразі і копаці Темз-стрыт, сярод шырокалістых высокіх дрэў на нейкім незаселеным востраве пад тропікамі, і ў асобныя моманты ён уяўляў, магчыма, што гэта так і было.
— Далёка нам? — запыталася, нарэшце, Фларэнс, падымаючы вочы на свайго спадарожніка.
— Ах, дарэчы, — спыняючыся, сказаў Уолтэр, — чакайце, дзе мы? А, ведаю. Але кантора цяпер закрыта, міс Домбі. Нікога там няма. Містэр Домбі даўно пайшоў дадому. Мабыць, і нам варта ісці дадому. Або пачакайце... Ці не завесці мне вас да дзядзі, у якога я жыву... гэта зусім блізка адсюль... а пасля паехаць да вас дадому ў карэце, паведаміць іх, што вам не пагражае небяспека, і прывезці вам якое-небудзь адзенне? Бадай, так будзе лепш?
— Ну, што-ж, — адказвала Фларэнс. — А як па-вашаму? Як вы думаеце?
Пакуль яны стаялі, радзячыся, нейкі чалавек параўняўся з імі і мімаходзь глянуў на Уолтэра, нібы пазнаў яго, але пасля, як быццам не давяраючы першаму ўражанню, прайшоў далей.
— Мне здаецца, гэта містэр Каркер, — сказаў Уолтэр. — Каркер з нашай фірмы. Не загадчык наш Каркер, міс Домбі, а другі Каркер, малодшы. Ало! Містэр Каркер!