Перайсці да зместу

Старонка:Домбі і сын.pdf/588

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

каналы, докі, развадныя масты і да таго падобныя супакаяльна дзейнічаючыя прадметы.

Гэты ціхі пейзаж так уціхамірліва падзейнічаў на капітана, што ён супакоіўся і нават цешыў сябе, напяваючы баладу пра «Красуню Пег», як, раптам, завярнуўшы за рог, аслупянеў і страціў здольнасць гаварыць, убачыўшы ўрачыстую працэсію, якая ішла насустрач.

На чале застрашальнай калоны ішла гэта энергічная асоба, місіс Мак-Стынджэр! Захоўваючы той самы непахісна рашучы выгляд і выстаўляючы напаказ красуючыяся на непахісных яе грудзях гадзіннік з брэлокамі, які капітан адразу прызнаў уласнасцю Бансбі, яна ішла пад руку не з кім іншым, як з гэтым празорлівым мараком. За імі ішлі натоўпам абрадаваныя юныя Мак-Стынджэры. За імі ішлі дзве лэдзі, якія мелі грозны і непахісны выгляд і суправаджалі нізкарослага джэнтльмена ў цыліндры і таксама абрадаваныя. У кільватэры[1] быў юнга Бансбі, нагружаны парасонікамі.

Першай думкай капітана было ўцячы. Як відаць, такая-ж была і першая думка Бансбі, якой ні безнадзейнай здавалася гэта спроба. Але, калі кампанія сустрэла капітана прывітальнымі воклічамі, а Александр Мак-Стынджэр кінуўся да яго з распасцёртымі абдымкамі, капітан не зрушыў з месца.

— Капітан Катль! — усклікнула місіс Мак-Стынджэр. — Вось дык сустрэча! Цяпер я на вас не маю злосці. Капітан Катль, не бойцеся, я не буду вас дакараць. Спадзяюся, я пайду да алтара зусім у іншым настроі. — Місіс Мак-Стынджэр змоўкла, выпрасталася і глыбока ўздыхнула, выпучыўшы грудзі, пасля чаго сказала, паказваючы на сваю афяру:

— Гэта мой жаніх, містэр Катль!

Злашчасны Бансбі не пазіраў ні направа, ні налева, ні на сваю нявесту, ні на свайго сябра, але накіраваў позірк уперад, у прастору. Калі капітан працягнуў яму руку, Бансбі ў сваю чаргу працягнуў сваю, але на прывітанне капітана не адказаў ні слова.

— Капітан Катль! — скавала місіс Мак-Стынджэр, — калі вы не супраць скончыць з варожасцю і апошні раз убачыць свайго сябру — майго жаніха — халасцяком, мы будзем рады бачыць вас у капліцы. Вось гэта лэдзі, — сказала місіс Мак-Стынджэр, паварачваючыся да найбольш смелай з двух асоб, — мая шаферка, будзе шчаслівай, калі вы возьмеце яе пад сваю апеку, капітан Катль.

Нізкарослы джэнтльмен у цыліндры, які, відавочна, быў мужам другой лэдзі і відавочна радаваўся таму, што бліжні зніжаны да яго ўзроўню, адступіўся і перадаў лэдзі на апеку капітана Катля. Тая зараз-жа ўчапілася за яго і, заявіўшы, што часу траціць нельга, гучным голасам загадала рушыць уперад.


  1. Кільватэр — след на вадзе, які пакідае судно.

584