— Любачка, — сказаў містэр Тутс, — гэта ад капітана Джылса. Не хвалюйцеся. У хуткім часе чакаюць звароту Уолтэрса і міс Домбі.
— Дарагі мой, — сказала місіс Тутс, надта пабляднеўшы і ўсхапіўшыся з канапы, — не спрабуйце ашукаць мяне, бо гэта ўсёроўна ні да чаго не прывядзе! Яны прыехалі, я гэта бачу па вашым твары!
— Якая дзівосная жанчына! — усклікнуў містэр Тутс у надзвычайным захапленні. — Ваша праўда, любачка, яны прыехалі дадому. Міс Домбі бачыла свайго бацьку, яны памірыліся.
— Памірыліся! — закрычала місіс Тутс, заляскаўшы ў далоні.
— Дарагая мая, — сказаў містэр Тутс, — калі ласка, не стамляйцеся. Памятайце пра парады доктара! Капітан Джылс піша — уласна кажучы, ён гэтага не піша, але, здаецца іменна гэта ён мае на ўвазе, — піша, што міс Домбі перавезла няшчаснага свайго бацьку з яго старога дома туды, дзе яна жыве цяпер з Уолтэрсам; што ён надта хворы, амаль што пры смерці, а яна і ўдзень і ўначы даглядае яго.
Місіс Тутс горка заплакала.
— Любая мая С'юзен, — сказаў містэр Тутс, — вельмі, вельмі прашу вас, памятайце, паколькі гэта для вас магчыма, парады доктара! Калі не можаце — гэта не мае ніякага значэння, але вы ўсё-такі пастарайцеся!
Яго жонка, раптам ператварыўшыся ў ранейшую С'юзен, так чулліва ўпрашала яго адвезці яе да ненагляднай яе любачкі, да маленькай яе гаспадыні, да яе любіміцы і іншае, і іншае, што містэр Тутс, поўны глыбокага спачування і захаплення, ад усёй душы згадзіўся; і яны вырашылі ехаць зараз-жа і з'явіцца перад капітанам у адказ на яго пісьмо.
У той дзень капітан (да якога збіраліся ехаць містэр і місіс Тутс) і сам прыняў удзел у надзвычайным сямейным святкаванні не ў якасці галоўнай дзейнай асобы, але як асоба другарадная. Гэта здарылася зусім выпадкова і наступным чынам.
Капітан, з бязмежным захапленнем паглядзеў на Фларэнс і яе малютку і ў ахвоту паталкаваўшы з Уолтэрам, вышаў прагуляцца, мяркуючы, што варта падумаць у самотнасці аб зменлівасці лёсу чалавека і задумліва паківаць глянцавітым капелюшом, журачыся аб містэры Домбі, якому ён, з прычыны свайго велікадушша і дабраты, надта спачуваў. Так, капітана мог апанаваць смутак пры думцы аб гэтым няшчасным джэнтльмене, калі-б не ўспамінаў аб маленькім. Але як толькі лез у галаву гэты ўспамінак, ён так узрушваўся, што, ідучы па вуліцы, пачынаў моцна смяяцца і, вельмі радуючыся, падкідаў угору і лавіў свой глянцавіты капялюш на вялікае здзіўленне прахожых. Ён вырашыў прагуляцца ў ваколіцах свайго ранейшага пражывання, дзе жылі майстры, што выраблялі мачты, вёслы і блокі, пекары, якія пастаўлялі карабельныя сухары, грузчыкі вугалю, матросы; там можна было ўбачыць смаляныя катлы,