рочаецца сюды толькі ў наступную раніцу ў тую самую гадзіну. Хоць ёсць тут званочкі, але яны ніколі не звоняць; і хоць іншы раз яна чуе крокі — узад і ўперад, узад і ўперад, — але чалавек ніколі не пераступае цераз парог.
У наступны дзень міс Токс прыходзіць рана. З гэтага дня яна пачынае займацца прыгатаваннем ласых страў — ва ўсякім выпадку ласых з яе пункту гледжання, — каб раніцой занесці іх ў тыя пакоі.
Пасля яна штодзённа прыносіць сабе на абед закручаныя ў паперу для папільётак халодны ростбіф, баранні язык, поўкурыцы, і, закусваючы разам з Полі, праводзіць большую частку дня ў разбураным доме, адкуль уцяклі пацукі.
Маёр аб гэтым ведае. Маёр у прыпадку цікаўнасці даручыў тубыльцу назіраць за гэтым домам і даведацца, што зрабілася з Домбі. Тубылец далажыў аб вернасці міс Токс, і маёр ледзь не задыхнуўся ад смеху. З таго часу ён пасінеў яшчэ больш і заўсёды бурчыць сабе пад нос, выпучваючы рачыя вочы: „Чорт пабяры, сэр, гэта жанчына — ідыётка ад прыроды!“
А чалавек, які разарыўся? Як праводзіць ён час у самоце?
„Яму суджана ўспомніць аб гэтым у тым самым пакоі, у надыходзячыя гады!“ Ён успомніў. Цяпер гэта прыгнятала больш, чым усё астатняе.
Ён успомніў аб гэтым. У смутку, у тужлівасці, у роспачы, змучаны раскаяннем! „Тата! Тата! Пагаварыце са мой, дарагі тата!“ Ён зноў чуў гэтыя словы і бачыў яе твар. Ён бачыў, як дрыготкія рукі закрылі гэты твар, і чуў ціхі, працяглы стогн.
Ён упаў, каб больш ніколі ўжо не падняцца. Услед за ноччу, якая ахутала яго разарэнне, ужо не прыдзе ўсход сонца; пляма на яго імі не будзе змыта; нішто, дзякуй богу, не дапаможа ўваскрасіць яго памёршага сына. Але тое, што ў мінулым ён мог зрабіць зусім іншым, — што магло-б і гэта мінулае зрабіць зусім іншым, хоць аб гэтым ён бадай ці думаў цяпер, — тое, што так лёгка магло зрабіцца для яго благаславеннем, а ён з такой упартасцю на працягу многіх год ператвараў у праклён, — гэта было для яго самай горкай пакутай.
О, ён успомніў аб гэтым! Цяпер ён ведаў, што ён зрабіў.
Ён думаў аб сваёй дачцэ, якой яна была ў той вечар, калі ён прыехаў з маладой жонкай. Ён думаў аб ёй, якой яна была ў часе ўсялякіх падзей, што адбываліся ў пакінутым доме. Ён думаў аб тым, што з усіх, хто яго акружаў, яна адна ніколі не змянялася. Яго сын у магіле, яго ганарлівая жонка зрабілася нячыстым стварэннем, яго ліслівы сябра ператварыўся ў агіднага нягодніка, яго багацці растаялі, нават сцены, у якіх ён шукаў прытулку, пазіралі на яго, як на чужога; яна адна звяртала на яго ўсё той самы ціхманы, ласкавы позірк. Так, да самай апошняй хвіліны! Яна не змянілася ў сваіх дачыненнях да яго, таксама як і ён у сваіх дачыненнях да яе, і яна была страчана для яго.