длёвых складаў, дзе ля дзвярэй стаяць падводы, а мітуслівыя вознікі застаўляюць ім дарогу, але Фларэнс не бачыць іх і не чуе; і вось настае цішыня, дзённае святло гасне, дрыжачая Фларэнс стаіць у царкве, дзе нейкі дзіўны пах нагадвае аб склепе.
Бедна апрануты старэнькі — той, што званіў у нудны звон, — вядзе у старую, карычневую, абшытую панеллю пыльную рызніцу, якая нагадвае шафу для пасуды, адкуль вынялі паліцы; там з'едзеныя чарвямі кнігі слаба патыхаюць табакай, ад гэтага пачынае чыхаць хныкаючая Ніпер.
З'яўляюцца капітан, дзядзька Соль і містэр Тутс; свяшчэннік надзяе ў рызніцы стыхар, а клерк ходзіць вакол, здзьмухваючы з яго пыл; і вось малады і маладая стаяць перад алтаром. Няма ніводнай шаферкі, калі не лічыць С'юзен Ніпер; няма пасаджанага бацькі, калі гэта не капітан Катль. Чалавек на драўлянай назе з сінім мяшком, жуючы гнілы яблык, уваходзіць у царкву паглядзець, што там робіцца, але, не знайшоўшы нічога цікавага, чыкільгае да выхаду і стукае сваёй дзеравяшкай, абуджаючы водгулле.
Яны — павянчаны, яны распісаліся ў старых кнігах, якія прымушаюць чыхаць, стыхар свяшчэнніка зноў схован у пыльнае месца і свяшчэннік пайшоў дадому. У цёмным кутку цёмнай царквы Фларэнс паварачваецца да С'юзен Ніпер і плача ў яе абдымках. У містэра Тутса чырвоныя вочы. Капітан паліруе сабе нос. Дзядзька Соль зняў з ілба акуляры і пайшоў да дзвярэй.
Было вырашана не варочацца да Мічмана, а расстацца тут. Карэта чакае непадалёку.
Міс Ніпер не можа прамовіць ні слова, яна толькі ўсхліпвае, задыхаецца і абдымае сваю гаспадыню. Падыходзіць містэр Тутс, пацяшае яе і бярэ на сваю апеку. Фларэнс працягвае яму руку, ад шчырай удзячнасці падстаўляе яму губы, цалуе дзядзьку Соля і капітана Катля, і малады муж вядзе яе.
Але С'юзен не можа дапусціць, каб у Фларэнс астаўся такі сумны ўспамін аб ёй. Яна мела намер трымацца зусім інакш і цяпер горка дакарае сябе. Цвёрда вырашыўшы зрабіць апошнюю спробу і выправіць справу, яна пакідае містэра Тутса і бяжыць за карэтай, каб на развітанне паказацца з усмешкай на твары. Капітан, адгадаўшы яе намер, бяжыць услед за ёю, бо ён лічыць сваім абавязкам праводзіць іх вясёлымі выгукамі. Дзядзька Соль і містэр Тутс застаюцца ззаду і чакаюць перад царквою.
Карэта ад'ехала, але вуліца, вузкая, застаўленая экіпажамі, крута падымаецца пад гару, і С'юзен не сумняваецца ў тым, што бачыць карэту, якая спынілася на некаторай адлегласці. С'юзен пакідае ззаду капітана і падбягае да яе. Яна заглядае ў акно, бачыць Уолтэра, а каля яго ціхманы тварык, і хлопае далонямі і крычыць: