Перайсці да зместу

Старонка:Домбі і сын.pdf/561

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

шчодрую ўзнагароду, кіслая яе фізіяномія праясняецца, а завяўшы чапец і худая высахлая фігура з шорахам прысядаюць.

— Кхм! — пакашлівае місіс Міф; кашаль у яе такі самы сухі, як сена ў падушках, якія прызначаны для каленапракланення і даручаны яе клопатам. — Я не памылюся, калі скажу што ў адзін з бліжэйшых дзён вы яшчэ прыдзеце да нас, дарагія мае!

Яны паглядаюць на таблічку, устаўленую ў сцяну на ўспамін аб памёршым. Яны стаяць далёка ад місіс Міф, але місіс Міф бачыць краем вока, што дзяўчына апіраецца на руку джэнтльмена, а той нахіляецца да яе.

— Ну, ну, — кажа місіс Міф, — магло быць і горш. З вас атрымаецца слаўная парачка!

Шчырага пачуцця не адчувалася ў заўвазе місіс Міф. Яна гаворыць выключна з дзелавога пункту гледжання. Бадай ці яна цікавіцца парачкамі больш, чым трунамі. Але містэр Саундс, уродлівы і апрануты ў сурдут з пунсовай абшыўкай, адрозніваецца іншым тэмпераментам. Пакуль яны стаяць на ступеньках і паглядаюць услед маладой пары, ён гаворыць, што ў дзяўчыны прыгожая фігура, хіба не праўда? і, наколькі ён мог разгледзець (з царквы яна вышла з апушчанай галавой), надзвычай прыгожанькі тварык.

— Дапраўды, місіс Міф, — з прыемнасцю кажа містэр Саундс, — яе можна назваць сапраўдным розанам.

А аб чым гаворыць маладая пара, вышаўшы з царквы і накіроўваючыся да варот?

— Дарагі Уолтэр! Як я вам удзячна! Цяпер я паеду шчаслівая.

— А калі мы вернемся, Фларэнс, мы прыедзем сюды і зноў наведаем яго магілу.

Фларэнс пазірае бліскучымі ад слёз вачыма на яго ласкавы твар і вольнай рукой сціскае другую маленькую ручку, што нясмела апіраецца на яго руку.

— Цяпер надта рана, Уолтэр, і на вуліцы амаль няма людзей. Пойдзем пехатою.

— Вы стоміцеся, дарагая мая.

— О, не! Я вельмі стамілася тады, калі мы першы раз ішлі разам, але сёння я не стамлюся.

Яны выбіраюць самыя ціхія вуліцы і стараюцца не набліжацца да той, дзе знаходзіцца ранейшы яе дом. Раніца ясная, цёплая, летняя, і сонца свеціць, калі яны ідуць у напрамку да шэраватага туману, што навіс над Сіці.

Нарэшце, яны паварочваюць у больш цёмныя і вузкія вуліцы, дзе толькі на рагу можна ўбачыць сонца, то жоўтае, то чырвонае, якое выглядае праз туман. Па ўсіх гэтых вузкіх дварах, завулках і панурых вуліцах Фларэнс, апіраючыся на яго руку, ідзе, закаханая і даверлівая, каб зрабіцца яго жонкай.

Сэрца яе пачынае біцца мацней, калі Уолтэр гаворыць ёй, што іх царква зусім блізка. Яны праходзяць міма вялікіх ган-

557