Перайсці да зместу

Старонка:Домбі і сын.pdf/560

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

— Певень, — адказаў містэр Тутс, — словы вашы грубыя, а сэнс іх незразумелы.

— Ну, дык вось што я вам скажу, гаспадар, — сказаў Певень. — Гэта агідна!

— Што агідна, Певень? — запытаўся містэр Тутс.

— Так, агідна! — паўтарыў Певень, застрашальным чынам зморшчыўшы свой зламаны нос. — Гаспадар! Што-ж гэта такое? Вы можаце пайсці і данесці аб вяселлі гэтаму надутаму хлапцу, — меркавалася, што гэта зняважлівае азначэнне Баявога Пеўня тычылася містэра Домбі, — вы можаце збіць з ног пераможцу і ўсю гэту кампанію, а замест гэтага вы здаецеся? Здаецеся? — пагардліва паўтарыў Певень. — Гэта агідна!

— Певень, — сказаў містэр Тутс, — вы мне непрыемны.

— Гаспадар, — адказаў Певень, надзяючы капялюш, — і вы мне таксама. Паслухайце! Вось якая мая прапанова! Дайце мне заўтра пяцьдзесят фунтаў, і я пайду.

— Певень, — адказаў містэр Тутс, — пасля таго, як вы выказалі такія брыдкія пачуцці, я з ахвотай расстануся з вамі на такіх умовах.

— Значыцца, вырашана! Дагавор заключаны! Вашы паводзіны, гаспадар, мне не да густу, яны агідныя, — сказаў Певень, які, як відаць, не мог пераварыць гэты пункт і скончыць з ім. — Так, у тым-жа і справа! Яны агідныя!

Такім чынам, містэр Тутс і Певень згадзіліся расстацца па непадабенству маральных прынцыпаў, і містэр Тутс лёг спаць і соладка марыў аб Фларэнс, якая ў апошні вечар свайго дзявочага жыцця думала аб ім, як аб сябры і прасіла перадаць яму запэўненне ў шчырай яе любві.


РАЗДЗЕЛ LVII

Яшчэ адно вяселле.

Містэр Саундс, бідль і місіс Міф, прыслужніца, рана занялі свае пасты ў прыбранай царкве, дзе адбыўся шлюб містэра Домбі. Сёння раніцой жоўтатвары стары джэнтльмен з Індыі мае намер узяць шлюб з маладзенькай асобай, чакаюць шэсць карэт з гасцямі, і місіс Міф ведае аб тым, што жоўтатвары стары Джэнтльмен можа зымасціць дарогу да царквы брыльянтамі і бадай ці зменшыцца ад гэтага яго багацце.

Містэр Саундс сядзіць на ступеньках, а місіс Міф абмятае пыл у царкве, калі з'яўляецца скромна апранутая маладая пара. Завяўшы чапец місіс Міф паварачваецца да гэтай пары, бо гэты ранні візіт унушае ёй думку, што справа ідзе аб шлюбе ўпотайку ад блізкіх. Але маладыя людзі не маюць намеру браць шлюбу — «мы хочам толькі агледзець царкву», кажа джэнтльмен. З прычыны таго, што ён совае ў руку місіс Міф

556