знялі, перад імі аказаўся стары інструментальны майстар, крыху схудзелы і больш заклапочаны, чым у ранейшыя часы, у старым сваім валійскім парыку, у старым карычневага колеру сурдуце з вялікімі гузікамі і са старым непагрэшным сваім хранометрам, што цікаў у кішэні.
— Начынены па горла навукамі, як і ў ранейшыя часы! — усклікнуў ззяючы капітан. — Соль Джылс, Соль Джылс, дзе-ж гэта вы вандравалі столькі дзён, стары прыяцель?
— Я ледзь не аслеп, Нэд, і амаль аглух і анямеў ад радасці, — сказаў стары.
— Яго ўласны голас, — усклікнуў капітан, аглядаючыся навокал з такім захапленнем, якога, напэўна, не магла выказаць нават яго фізіяномія. — Яго ўласны голас, начынены навукамі, як і ў ранейшыя часы!
Капітан сеў з такім выглядам, нібы яму ўдалося выказаць думку ўсіх прысутных, але адразу-ж усхапіўся, каб пазнаёміць містэра Тутса, які быў зусім збіты з панталыку з'яўленнем чалавека, што дамагаўся, як відаць, правоў на прозвішча Джылс.
— Хоць, — заікаючыся, пачаў містэр Тутс, — хоць я не меў п… прыемнасці быць з… з… знаёмым з вамі, сэр, да т… т… таго, як вы… вы…
— Зніклі з выгляду, але асталіся ў памяці, — ціхенька падказаў капітан.
— Правільна, капітан Джылс! — згадзіўся містэр Тутс. — Хоць я не меў прыемнасці быць знаёмым з вамі, містэр… містэр Солс, — сказаў Тутс, у парыве натхнення выдумліваючы прозвішча, — перш чым гэта здарылася, я — адважуся вас запэўніць — адчуваю, ведаеце, найвялікшую прыемнасць, пазнаёміўшыся з вамі цяпер. Спадзяюся, — сказаў містэр Тутс, — вы адчуваеце сябе добра, паколькі можна на гэта разлічваць.
Праказаўшы гэтыя пачцівыя словы, містэр Тутс сеў на сваё месца, чырванеючы і хіхікаючы.
Стары інструментальны майстар, прытуліўшыся ў кутку, паміж Уолтэрам і Фларэнс, і ківаючы галавой Полі, якая пазірала на іх з зачараванай усмешкай, звярнуўся да капітана Катля.
— Нэд Катль, стары сябра! Хоць я сёе-тое ўжо чуў аб здарыўшыхся тут пераменах ад маей добрай прыяцелькі… Які мілы ў яе твар і як прыемна вандраўніку ўбачыць яго пасля звароту ў свой дом! — сказаў стары, перапыняючы сваю гутарку і паціраючы рукі з уласцівай яму няўважлівасцю.
— Слухайце яго! — урачыста запрапанаваў капітан. — Вось жанчына, якая спакушае ўсіх мужчын!
— Хоць я ўжо чуў ад яе аб пераменах, якія тут здарыліся, — прадаўжаў інструментальны майстар, дастаючы з кішэні свае старыя акуляры і па старой прывычцы надзяючы іх на лоб, — але яны такія вялікія і нечаканыя, і я перажыў такое ўзрушэнне, убачыўшы дарагога майго хлопчыка і… — ён кінуў позірк на