Перайсці да зместу

Старонка:Домбі і сын.pdf/554

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

рам Тутсам у крыбідж[1]. Містэр Тутс раіўся адносна сваіх ходаў з С'юзен Ніпер. Міс Ніпер давала яму парады з належнай таямнічасцю і асцярожнасцю. Дыаген да нечага прыслухоўваўся і час ад часу пачынаў хрыпла, прыглушана брахаць, чаго ён пасля і сам, здавалася, крыху, сароміўся, нібы сумняваючыся, ці была ў яго прычына брахаць.

— Ціха, ціха! — сказаў капітан Дыагену. — Што з вамі здарылася? Сёння вы як быццам устрывожаны чымсьці, прыяцель!

Дыаген завіляў хвастом, але адразу-ж настаражыўся і яшчэ раз адрывіста гаўкнуў, пасля чаго папрасіў прабачэння перад капітанам, зноў завіляўшы хвастом.

— Мне здаецца, Ды, — сказаў капітан, задуменна разглядаючы свае карты і гладзячы падбародак кручком, — мне здаецца, вы крыху не давяраеце місіс Рычардс. Але калі вы іменна такі сабака, якім я вас лічу, вы змяніце сваю думку, бо яе твар служыць ёй парукай. Ну, браток, — звярнуўся ён да містэра Тутса, — калі вы гатовы, адчальвайце!

Капітан гаварыў з надзвычайным спакоем, аддаючы ўсю ўвагу гульні, але раптам карты вываліліся ў яго з рук, рот і вочы шырока раскрыліся, ногі адарваліся ад падлогі і выцягнуліся, як палкі, перад крэслам, і ён застыў, у бясконцым здзіўленні пазіраючы на дзверы. Акінуўшы позіркам прысутных і пераканаўшыся, што ніхто з іх не глядзіць на яго і не заўважае прычыны яго паводзін, капітан, моцна ўздыхнуўшы, апамятаўся, на ўсю сілу стукнуў кулаком па стале, крыкнуў грымотным голасам: «Соль Джылс, эхой!» і паваліўся ў абдымкі патрапанага непагодай паліто гарохавага колеру, якое з'явілася ў пакоі разам з Полі.

Яшчэ момант — і Уолтэр апынуўся ў абдымках патрапанага непагодай паліто гарохавага колеру. Яшчэ момант — і Фларэнс апынулася ў абдымках патрапанага непагодай паліто гарохавага колеру. Яшчэ момант — і капітан Катль абняў місіс Рычардс і міс Ніпер і, размахваючы над галавой кручком, з запалам паціскаў руку містэру Тутсу, выкрыкваючы: «Ура, прыяцель, ура!», на гэта містэр Тутс, зусім не разумеючы, што-ж гэта такое робіцца, адказваў надта пачціва: «Вядома, капітан Джылс, усё, што вы палічыце патрэбным!»

Патрапанае непагодай паліто гарохавага колеру і не менш патрапаныя непагодай шапка і шарф адарваліся ад капітана і Фларэнс, каб зноў вярнуцца да Уолтэра, і ад патрапаных непагодай паліто гарохавага колеру, шапкі і шарфа пачуліся нейкія гукі, якія нагадвалі плач старога, а калматыя рукавы моцна абхапілі Уолтэра. Тады наступіла поўная цішыня, і капітан з вялікай стараннасцю пачаў паліраваць сабе нос. Але калі паліто гарохавага колеру, шапка і шарф адарваліся ад Уолтэра, Фларэнс ціхенька наблізілася да іх. І, калі яна з Уолтэрам іх


  1. Крыбідж — гульня ў карты.

550