я абажаў міс Домбі. Калі мяне па закону ўжо нельга было далей пазбавіць уладання маёй маёмасцю і… і я ўступіў ва ўладанне, я абажаў міс Домбі. Агалашэнне, якое аддае яе лейтэнанту Уолтэрсу, а мяне аддае, ведаеце, аддае… роспачы, — сказаў містэр Тутс, знайшоўшы моцныя словы, — можа падзейнічаць жахліва і падзейнічае жахліва, але я адчуваю, што мне хацелася-б яго паслухаць. Мне хацелася-б ведаць, што ў мяне сапраўды няма глебы пад нагамі і няма надзеі, якую-б я мог шанаваць і… і, карацей кажучы, няма нагі, на якой-бы я мог стаяць.
С'юзен Ніпер магла толькі паспачуваць сумнаму становішчу містэра Тутса, і, пры такіх акалічнасцях, згадзілася яго суправаджаць, што яна і зрабіла ў наступную раніцу.
Царква, якую Уолтэр выбраў для гэтай мэты, была заплеснявелай, старой царквой, якая знаходзілася ў тупіку сярод лабірынта глухіх вуліц і двароў і была акружана маленькімі могілкамі.
Дзве авечкі, якія заблудзіліся, былі загнаны бідлем. Бідль пасадзіў іх на выгодную лаўку, і, з прычыны таго, што было яшчэ рана, яны сядзелі і лічылі прыхажан, прыслухоўваліся да звону, які нудна гудзеў высока на званіцы, і паглядалі на бедна апранутага старэнькага, што стаяў у порціку за загародкай і біў у звон. Містэр Тутс, пасля доўгага разглядання вялікіх кніг на пюпітры, прашаптаў міс Ніпер, што яму хацелася-б ведаць, дзе захоўваюцца агалашэнні, але на гэта маладая лэдзі толькі паківала галавой і нахмурылася.
Аднак, містэр Тутс, якога, здавалася, не магла пакінуць думка аб агалашэнні, яўна шукаў яго вачыма, пакуль ішла першая частка службы. Калі-ж надышоў час прачытаць агалашэнне, небарака малады джэнтльмен выявіў адзнакі надзвычайнай трывогі і перапалоху, якія ніколькі не аслабелі ад нечаканага з'яўлення капітана ў першым радзе на галерэі. Калі клерк падаў свяшчэнніку спіс, містэр Тутс, што сядзеў у тую хвіліну на лаўцы, учапіўся рукамі за лаўку; калі-ж былі гучна прачытаны імёны Уолтэра Гэя і Фларэнс Домбі, містэр Тутс да такой ступені страціў самаўладанне, што выбег з царквы без капялюша, а за ім пабег бідль, прыслужніца і два джэнтльмены з медычнай адукацыяй, якія выпадкова тут прысутнічалі; першы з іх хутка вярнуўся па капялюш і шэптам паведаміў міс Ніпер, што яна можа быць спакойнай адносна джэнтльмена, бо джэнтльмен сказаў, што яго нездароўе не мае ніякага значэння.
Хутка ляцеў цяпер час, і надышоў апошні вечар перад вяселлем. Ва ўладаннях Мічмана ўсе сабраліся ў пакоі наверсе і не баяліся, што іх хто-небудзь патрывожыць, бо ў доме не было іншых жыхароў і ён знаходзіўся ў поўным распараджэнні Мічмана. Фларэнс, каля якой сядзеў Уолтэр, заканчвала вышыванне — развітальны падарунак капітану. Капітан гуляў з містэ-