Перайсці да зместу

Старонка:Домбі і сын.pdf/532

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Калі хочаце, толькі не цяпер! Няхай яго вораг пойдзе за ім і знойдзе яго сам, але без маёй дапамогі! Хопіць з мяне таго цяжару, які я зношу.

Агонь больш не асвятляў яе чорных, як смоль, валасоў, яе твара і палаючых вачэй; яе рука не дакраналася да рукі Херыет, і там, дзе яна стаяла, не было ўжо нікога.


РАЗДЗЕЛ LIV

Уцекачы.

Час — за гадзіну да поўначы; месца — нумар у французскім гатэлі, які складаецца з некалькіх пакояў: цёмнай, халоднай пярэдняй, або карыдора, сталовай, гасцінай, спальні, другой гасцінай або будуара, які меншы за астатнія пакоі. На галоўную лесвіцу выходзяць толькі адны двустворчатыя дзверы, але ў кожным пакоі па двое-трое дзвярэй, і пакоі злучаюцца паміж сабою, а таксама з вузкімі ходамі ў сценах, што вядуць, як гэта нярэдка бывае ў такіх дамах, на чорную лесвіцу.

Сцены і столь пазалочаны і размалёваны; падлогі да бляску нацёрты воскам; малінавая драпіроўка навісае фестонамі над вокнамі, дзвярыма і люстрамі, а кандэлябры, сучкаватыя і выгнутыя, як галіны дрэў або рагі звяроў, тырчаць на абшытых панеллю сценах.

У той вечар толькі ў адным пакоі — меншым з пералічаных вышэй — можна было бачыць асляпляльны бляск васковых свечак і іх адсвечванне ў люстрах, пазалоту і яркія фарбы. Бачны з пярэдняй, дзе цмяна гарэла лямпа, праз рад цёмных пакояў, гэты пакой здаваўся ззяючым, як каштоўны камень. У цэнтры гэтага ззяння сядзела прыгожая жанчына — Эдзіт.

Яна была адна. Такая самая непакорлівая, ганарыстая жанчына. Ніякіх адзнак сораму на яе твары; позняе раскаянне не сагнула яе ганарлівай шыі. Па-ранейшаму ўладная і велічная і па-ранейшаму абыякавая да сябе самой і да ўсяго астатняга, яна сядзела, апусціўшы цёмныя вочы, і кагосьці чакала.

Калі ў замку знадворных дзвярэй павярнуўся ключ і ў пярэдняй пачуліся крокі, яна закалацілася і крыкнула: «Хто там?»

Ёй адказалі па-французску, і два лакеі, звонячы падносамі, увайшлі, каб накрыць на стол да вячэры.

Яна запыталася, хто загадаў ім гэта зрабіць.

— Мс'е даў распараджэнне, калі ён заняў гэты нумар. Мс'е сказаў, калі спыніўся тут на гадзіну en route[1], і пакінуў пісьмо для мадам… Мадам, вядома, яго атрымала?

— Так.


  1. Праездам.

528