— Што́, калі я знайшла таго, хто ведае таямніцу вашага брата, ведае, як ён уцёк, ведае, куды ён уцёк са сваёй спадарожніцай? Што́, калі я прымусіла яго расказаць усё, што ён ведаў, ад слова да слова ў прысутнасці гэтага ворага, які быў схованы і ўсё чуў? Што́, калі ў гэты час я сядзела, пазіраючы ў твар гэтаму ворагу, і бачыла, як ён страчваў чалавечыя рысы? Што́, калі я бачыла, як ён звар'яцеўшы, кінуўся ў пагоню? Што́, калі я ведаю цяпер: ён у дарозе — д'ябал у вобразе чалавека — і праз некалькі гадзін дагоніць яго?
— Прыміце руку, — адхіснуўшыся, ускрыкнула Херыет. — Выбірайцеся! Ваша дакрананне наводзіць на мяне жах!
— Усё гэта я зрабіла! — прадаўжала яна, таксама пільна пазіраючы на Херыет і не звяртаючы ўвагі на яе выкрык. — Хіба голас мой і твар не сведчыць аб тым, што сапраўды я гэта зрабіла? Вы верыце таму, што я вам кажу?
— Баюся, што павінна паверыць. Пусціце маю руку.
— Пачакайце! Яшчэ хвілінку! Вы можаце зразумець, якой глыбокай была прагнасць помсты, калі яна так доўга цягнулася і штурхнула мяне на гэты крок?
— Гэта жахліва! — ускрыкнула Херыет.
— Значыцца, — хрыплым голасам сказала Эліс, — цяпер, калі вы зноў бачыце мяне, а я пакорліва стаю на каленях, дакранаючыся да вашай рукі, пазіраю вам у твар, вы можаце паверыць, што тая барацьба, якая адбывалася ў маёй душы, была страшэннай. Я саромлюся гаварыць гэтыя словы, але я адчула літасць. Я ненавіжу сябе! Я змагалася з сабою ўвесь дзень і ўсю мінулую ноч, але я без ўсякай прычыны адчуваю да яго літасць і… калі гэта магчыма, хачу выправіць тое, што я зрабіла. Толькіб яны не сустрэліся цяпер, калі яго праследвацель страціў галаву! Калі-б вы бачылі яго ўчора вечарам, калі ён пайшоў, вы зразумелі-б, якая небяспека пагражае.
— Як яе папярэдзіць? Што я магу зрабіць? — закрычала Херыет.
— Цалюткую ноч, — спяшаючыся прадаўжала тая, — я бачыла яго, залітага крывёю, і, аднак, я не спала. Увесь дзень я адчувала, што ён каля мяне.
— Што я магу зрабіць? — паўтарыла Херыет, уздрыгануўшы ад гэтых слоў.
— Калі хто-небудзь можа напісаць яму, ці выправіць пасланца, ці паехаць да яго, няхай не траціць часу! Ён у Дыжоне! Вы ведаеце назву гэтага горада і дзе ён знаходзіцца?
— Так!
— Папярэдзьце яго, што чалавек, якога ён зрабіў сваім ворагам, страціў галаву ад вар'яцтва. Дамагайцеся, каб ён паехаў, пакуль не позна — калі яшчэ не позна, — і не сустракаўся з ім! Які-небудзь месяц можа мець велізарнае значэнне. Толькі-б іх сустрэча не здарылася па маёй віне. Дзе хочаце, толькі не там!