Перайсці да зместу

Старонка:Домбі і сын.pdf/528

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

і агульнымі разважаннямі. Але апошні час… вы сочыце за тым, што я кажу, міс Херыет?

— Так, так! — адказала яна, павярнуўшы да яго спалоханы твар. — Калі ласка, не захоўвайце нічога, скажыце мне адразу самае горшае.

— Апошні час ён, як відаць, прыклаў усе сілы да таго, каб зрабіць зусім яснымі і зраумелымі вынікі гэтых аперацый, і цяпер даведка ў кнігах дае магчымасць з надзвычайнай лёгкасцю разабрацца ў іх, пры ўсёй іх колькасці і рознастайнасці. Як быццам ён вырашыў адразу паказаць свайму гаспадару, да чаго прыводзіць запал, якім той быў апантаны. Бясспрэчна тое, што ён увесь час гнусна патураў гэтаму запалу і агідна ліслівіў яму. У гэтым і заключаецца галоўнае яго злачынства перад фірмай.

— Яшчэ адно слова, перш чым мы расстанемся, дарагі сэр, — сказала Херыет. — Ці ёсць небяспека?

— Якая небяспека? — запнуўшыся, запытаўся ён.

— Небяспека, што пагражае крэдыту фірмы.

— Небяспека, што пагражае крэдыту фірмы? Не. Ніякай. Могуць узнікнуць цяжкасці, больш або менш сур'ёзныя цяжкасці, але ніякай небяспекі няма, хіба толькі… ага, хіба што галава фірмы, не рашаючыся звузіць кола аперацый, прымусіць яе перанапружваць свае сілы. Тады яна захістаецца.

— Але няма ніякіх падстаў баяцца гэтага, сэр? — запыталася Херыет.

— Паміж намі не будзе недагаворанасцей, — адказаў ён, паціскаючы ёй руку. — Да містэра Домбі нельга падступіцца… І цяпер ён ганарлівы, неразважны і неўгамонны. Але ў сучасны момант ён апанаваны надзвычайнай збянтэжанасцю і ўзрушанасцю, а такі стан можа мінуць. Цяпер вы ведаеце ўсё, як дрэннае, так і добрае. На сёнешні дзень досыць, добрай ночы!

Пры гэтых словах ён пацалаваў ёй руку і, вышаўшы туды, дзе яго чакаў яе брат, добрадушна адхіліў яго ў бок, калі той паспрабаваў загаварыць, і сказаў яму, што цяпер яны будуць бачыцца часта і ён можа, калі захоча, выказацца ў іншы час, а цяпер позні ўжо час.

Амаль да самай раніцы брат і сястра гутарылі, седзячы ля каміна; а цень іх злачыннага брата лунаў у доме, дзе ніколі не ступала яго нага.

Нельга было яго выгнаць, і ён не знік пад праменнямі сонца. У наступную раніцу ён быў тут; быў у поўдзень, вечарам, асабліва пануры і выразны вечарам, аб чым мы цяпер раскажам.

Джон Каркер пайшоў з рэкамендацыйным пісьмом, атрыманым ад іх сябра містэра Морфіна, а Херыет асталася адна ў доме.

Амаль зусім сцямнела, і яна сядзела ля акна, падтрымліваючы галаву рукою і апусціўшы вочы, як раптам у пакоі зрабілася яшчэ цямней; яна падняла галаву і мімаволі ўскрыкнула.

524