Перайсці да зместу

Старонка:Домбі і сын.pdf/527

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

гэта не мела-б ніякага значэння, — чакаць зручнага выпадку і хадайнічаць аб вас перад галавой фірмы, але ў выніку такіх падзей, як смерць, заручыны, вяселле і няшчаснае сямейнае жыццё, у нас на працягу доўгага, доўгага часу адзіным начальнікам быў ваш брат. А лепш было-б нам мець замест яго сухі пень, — дадаў госць, пацішыўшы голас.

Здаралася, ён разумеў, што гэтыя словы вырваліся ў яго мімаволі, і, працягнуўшы адну руку брату, а другую сястры, прадаўжаў:

— Цяпер я сказаў усё, што хацеў сказаць, і нават больш таго. Позні ўжо час; больш я не дадам ні слова. Вы, Джон, будзеце захоўваць давераны вам скарб, не патрабуючы маіх парад або напамінкаў.

Пры гэтых словах ён устаў, збіраючыся пайсці.

— Але вы, Джон, ідзіце наперад са свечкай, — добрадушна дадаў ён, — і не гаварыце таго, што вам хочацца сказаць. — Джон Каркер быў глыбока расчулены, і ён з ахвотай праявіў-бы свае пачуцці, каб у яго была гэта магчымасць. — А мне дазвольце пагутарыць з вашай сястрой. Нам ужо здаралася гутарыць сам-на-сам, у гэтым самым пакоі.

Правёўшы яго позіркам, ён ласкава павярнуўся да Херыет і, пацішыўшы голас, загаварыў змененым і больш сур'ёзным тонам:

— Вы хочаце запытацца ў мяне пра чалавека, чыёй сястрой вы маеце няшчасце быць.

— Я баюся пытацца, — сказала Херыет.

— Вы некалькі разоў паглядалі на мяне так пільна, што, здаецца, я адгадаў ваша пытанне, — запярэчыў госць. — Ці ўкраў ён грошы? Праўда?

— Так.

— Не, не ўкраў.

— Дзякуй богу! — Усклікнула Херыет. — Я шчаслівая за Джона.

— Але ён усяляк злоўжываў давер'ем, якое яму аказвалася, — прадаўжаў містэр Морфін, — ён рабіў махінацыі часцей дзеля ўласнай выгады, чым у інтарэсах фірмы, чыім прадстаўніком з'яўляўся; ён уцягваў фірму ў надзвычай рызыкоўныя аперацыі, якія часта прыносілі велізарныя страты; ён заўсёды патураў фанабэрыстасці і ганарлівасці свайго гаспадара, тады як яго абавязкам было стрымаць іх і паказаць — ён мог гэта зрабіць, — да якіх вынікаў яны прыводзяць; усё гэта, магчыма, не здзівіць вас цяпер. Былі выдуманы захады з мэтай раздуць рэпутацыю і крэдытаздольнасць фірмы і паказаць яе перавагу над іншымі гандлёвымі фірмамі. Праводзячы шматлікія аперацыі амаль што ні ва ўсіх частках свету, — у гэтым велізарным лабірынце ён адзін мог разабрацца, — ён меў магчымасць (і, як відаць, скарыстаў яе) захоўваць вынікі аперацый і падмяняць факты каштарысамі

523