Перайсці да зместу

Старонка:Домбі і сын.pdf/525

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

— Джон! — задыхаючыся сказала яна. — Гэта той самы джэнтльмен, аб якім я вам гаварыла сёння.

— Гэты джэнтльмен, міс Херыет, — уваходзячы ў пакой, сказаў госць, не надоўга затрымліваючыся на парозе, — з вялікай палёгкай чуе вашы словы. Па дарозе сюды ён увесь час прыдумліваў, якое-б яму даць тлумачэнне, і не адно яго не задавальняла. Містэр Джон, я тут не зусім чужы чалавек. Вы былі надта здзіўлены, калі ўбачылі мяне ля сваіх дзвярэй. Здаецца, цяпер вы яшчэ больш здзіўлены. Ну, што-ж, гэта зразумела пры даных акалічнасцях. Калі-б мы не былі такімі нявольнікамі прывычкі, у нас было-б удвая менш падстаў здзіўляцца.

Тым часам ён павітаўся з Херыет з той мілай шчырасцю і пашанай, якія яна так добра запамятала, сеў побач з ёю, зняў пальчаткі і кінуў іх у капялюш, што ляжаў на стале.

— Няма нічога дзіўнага ў тым, што ў мяне з'явілася жаданне ўбачыць вашу сястру, містэр Джон, — сказаў ён, — і што я па-свойму задаволіў гэта жаданне. Што-ж датычыць рэгулярнасці маіх візітаў (аб гэтым яна, магчыма, расказала вам), то ў гэтым няма нічога надзвычайнага. Хутка яны ўвайшлі ў мяне ў прывычку, а мы нявольнікі прывычкі… нявольнікі прывычкі!

Засунуўшы рукі ў кішэні і адкінуўшыся на спінку крэсла, ён паглядзеў на брата і сястру, як быццам яму забаўна было бачыць іх разам, і прадаўжаў з нейкай раздражнёнасцю і ў той самы час глыбокадумна:

— Вось гэта самая прывычка ўмацоўвае ў іншых з нас, здольных на лепшае, д'ябальскую ганарлівасць і ўпартасць. Вы можаце меркаваць аб уплыве гэтай прывычкі на мяне, Джон. На працягу шмат гадоў я прымаў некаторы вельмі абмежаваны ўдзел у кіраўніцтве фірмай Домбі і бачыў, як ваш брат (які аказаўся нягоднікам — ваша сястра прабачыць мне за тое, што я вымушаны ўспомніць аб гэтым), набываў усё большы ўплыў, так што, нарэшце, і фірма і яе галава зрабіліся цацкай у яго руках. Я бачыў, як вы, не звяртаючы на сябе ўвагі іншых, працавалі з дня на дзень за сваёй канторкай, і зусім задавальняўся тым, што рабіў сваю справу, стараючыся не абстрагавацца ад яе, дапускаў, каб усё вакол мяне ішло сваёй чарадой, нібы велізарная машына — па прывычцы, уласцівай таксама і мне, — і лічыў усё гэта няўхільным і правільным.

— Магу адказаць вам, што за ўвесь гэты час ніхто не карыстаўся такой пашанай і любоўю ў нашай фірме, як вы, сэр, — сказаў Джон Каркер.

— Глупства! — запярэчыў той. — Напэўна, таму, што я чалавек досыць добрадушны і падатлівы; такі я па прывычцы. Такім астаўся-б я і ў сучасны момант, калі-б у маім пакоі былі тоўстыя сцены. Вы можаце пацвердзіць у прысутнасці вашай сястры, што мой пакой аддзелен ад пакоя загадчыка тонкай перагародкай.

521