Перайсці да зместу

Старонка:Домбі і сын.pdf/499

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

— Калі ласка, містэр Тутс, — сказала Фларэнс, — не прасіце мяне забыцца аб тым, што звязана з нашым знаёмствам. Паверце, я не магу гэтага зрабіць. Вы заўсёды былі надзвычай добры да мяне.

— Міс Домбі, — адказаў містэр Тутс, — ваша ўвага да маіх пачуццяў уласціва вашай анёлскай прыродзе. Тысячу разоў дзякую вам! Гэта не мае абсалютна ніякага значэння!

— Мы хацелі запытацца ў вас, — сказала Фларэнс, — ці памятаеце вы, куды паехала С'юзен, якую вы так прыязна праводзілі ў кантору пачтовых карэт, калі яна пайшла ад мяне?

— Бачыце, міс Домбі, — падумаўшы, сказаў містэр Тутс, — я, вядома, не памятаю назвы горада, якая была напісана на карэце, але я памятаю, што С'юзен, як яна сама казала, не збіралася там спыняцца, а хацела ехаць далей. Між іншым, міс Домбі, калі вам патрэбна, каб яе знайшлі і прывялі сюды, то мы з Пеўнем прывязем яе вельмі хутка, чаму парукай мая адданасць і надзвычайная кемлівасць Пеўня.

Містэр Тутс быў так яўна абрадаваны і акрылены надзеяй быць карысным, а бескарыслівая і шчырая яго адданасць здавалася такой бясспрэчнай, што было-б жорстка адмовіць яму.

— Міс Домбі, — прадаўжаў містэр Тутс, — да пабачэння! Дазвольце вам сказаць, што вашы нягоды робяць мяне сапраўды няшчасным і што вы можаце давяраць мне амаль што не таксама, як самому капітану Джылсу. Мае недахопы, міс Домбі, надзвычай добра мне вядомы, — яны не маюць абсалютна ніякага значэння, дзякую вам але на мяне можна цалкам спадзявацца, запэўняю вас, міс Домбі!

Сказаўшы гэта, містэр Тутс вышаў з пакоя ў суправаджэнні капітана, які ўвесь гэты час стаяў тут, трымаў пад пахай свой капялюш, прыгладжваючы кручком растрапаныя валасы, і не без цікавасці сачыў за тым, што адбывалася. А калі дзверы за імі зачыніліся, святло, што асвятліла жыццё містэра Тутса, зноў згасла.

— Капітан Джылс, — прагаварыў гэты джэнтльмен, спыняючыся на ніжняй ступеньцы лесвіцы і азіраючыся, — сказаць праўду, цяпер я знаходжуся не ў такім настроі, каб сустрэць лейтэнанта Уолтэрса з тымі сяброўскімі пачуццямі, якія я хацеў-бы да яго мець. Мы не заўсёды можам мець уладу над сваімі пачуццямі, капітан Джылс, і я палічу за надзвычайную ласку, калі вы выпусціце мяне з чорнага хода.

— Браток, — адказаў капітан, — можаце вызначыць сабе любы курс. Які-б курс вы не абралі, ён будзе правільным і вартым марака, у гэтым я ўпэўнены.

— Капітан Джылс, — сказаў містэр Тутс, — вы надта прыязны. Ваша добрая думка з'яўляецца для мяне ўцяшэннем. Яшчэ адно слова, — дадаў містэр Тутс, стоячы ў карыдоры за прыадчыненымі дзвярыма: — спадзяюся, вы гэта запамятаеце, капітан Джылс, і мне-б хацелася, каб аб гэтым было даведзена да ведама

495